Тэмы новага выпуску майскай праграмы “Світанак” для беларускай дыяспары Латвіі: навіны Рыжскай беларускай школы, юбілейныя даты святой Еўфрасінні Полацкай, літаратара Васіля Віткі і Лудзэнскага беларускага таварыства “Крыніца”.

         

Навіны Рыжскай беларускай школы

Напрыканцы мая ў школах самы напружаны час – пара заканчэння навучальнага года і экзаменаў. Пра тое, з якімі справамі і вынікамі рухаецца да лета Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы, распавядае ў тэлефонным інтэрв’ю намесніца дырэктара Ганна Іванэ.

 

Лудзэнскаму беларускаму таварыству “Крыніца” – 15 гадоў

9 мая 2006 года было афіцыйна зарэгістравана Лудзэнскае беларускае таварыства “Крыніца”. Кавідныя абмежаванні спынілі супольную дзейнасць, не дазволілі адсвяткаваць юбілей, але захавалі надзеі на хуткія сустрэчы. Як усё пачыналася, чаго дасягнулі і што засталося ў памяці – па тэлефоне расказвае старшыня таварыства “Крыніца” Ігар Ермакоў.

Два гады таму ансамбль “Крыніца” набыў сцэнічныя строі дзякуючы дапамозе мясцовага самакіравання і пачаў актыўна выступаць па канцэртах. Беларускія актывісты Лудзы мараць хутчэй збірацца разам, спяваць, удзельнічаць у фестывалях і з’ездзіць на радзіму ў Беларусь, па якой яны сумуюць.  

 

Святой Еўфрасінні Полацкай – 920

У беларускім календары дата 23-га мая па старым стылі, або 5-га чэрвеня па новым, адзначана як дзень памяці Еўфрасінні Полацкай, дачкі князя Святаслава, інакіні і асветніцы перыяду Полацкага княства. Лічыцца, што яна нарадзілася ў 1101 годзе, таму сёлета юбілейная дата – 920 год з нараджэння.

У Латвіі таксама ёсць мясціны, звязаныя з імем Еўфрасінні Полацкай. Так, у латгальскім гарадку Карсава працуе старажытная драўляная Свята-Еўфрасіннеўская царква. У сваю чаргу ў Даўгаўпілсе, у кафедральным Барыса-Глебскім саборы знаходзяцца чатыры іконы Еўфрасінні Полацкай.

 

Літаратару Васілю Вітку – 110

Напрыканцы навучальнага года Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры правёў конкурс дзіцячых малюнкаў па літаратурных творах Васіля Віткі. Падрабязней раскажа арганізатар культурных мерапрыемстваў Ірына Апэйнанэ.