Зачыняе дзверы няўрымслівы 2020-ы год… У фінальнай перадачы адыходзячага года даведаемся пра новы фармат фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, паслухаем пра першую кнігу паэта Вацлава Гераеўскага, павіншуем з юбілеем нядзельную школу “Вясёлка”, пацікавімся вынікамі конкурсу даследчых работ Саюза беларусаў Латвіі, далучымся да “Піліпаўскіх вячорак”, а таксама атрымаем асалоду ад душэўных песень у такі цудоўны час напярэдадні Нараджэння Хрыстова і Новага Года.

 

Фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”

Х Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у гэты раз ва ўмовах каронавірусных абмежаванняў адбыўся ў відэафармаце. Тэма сёлетняга фестывалю – талака. Відэа з запісамі лепшых песень і танцаў папярэдніх “кірмашоў” былі аб’яднаны ў зводны канцэрт.

Упершыню фестываль сабраў онлайн у Даўгаўпілсе беларускія ансамблі не толькі з Латгаліі, але і з усёй Латвіі, а таксама з літоўскага Вісагінаса, эстонскай Нарвы і беларускіх гарадоў Браслаў, Міёры, Полацк і Наваполацк. Падрабязней – у праграме “Світанак”.

 

Зборнік вершаў Вацлава Гераеўскага ў Елгаве

У сваю чаргу фінал 2020 года Беларускае таварыства “Лянок” у Елгаве адзначыла цудоўнай падзеяй – выдала зборнік вершаў свайго сябра Вацлава Гераеўскага. Распавядае старшыня суполкі Алена Грыслэ.

 

Беларускай нядзельнай школе “Вясёлка” - 25         

У абмежаваных умовах, але з віншаваннямі і падарункамі, сустрэла юбілей Беларуская нядзельная школа “Вясёлка”, пра што распавядае настаўніца і член праўлення Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”Алена Радзівонава.

 

Вынікі конкурсу даследчых работ СБЛ

У перадсвяточны час Саюз беларусаў Латвіі падвёў вынікі традыцыйнага конкурсу даследчых работ. Расказвае старшыня аб’яднання Алена Лазарава.

 

“Піліпаўскія вячоркі”

Піліпаўскія вячоркі – адна з нацыянальных традыцый у беларусаў. Гэта дзявочыя працоўныя вечары. Яны пачыналіся з Піліпаўскага паста ў праваслаўных, з Адвэнта ў католікаў і працягваліся да Калядаў. Дзяўчаты збіраліся невялікімі групамі ў кожнай з сябровак па чарзе ў хаце, займаліся рукадзеллем, спявалі спакойныя народныя песні. Пра гэтую старадаўнюю традыцыю Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры зняў невялікі фільм. Распавядае метадыст Марыя Памецька.

 У ціхі час Адвента асабліва кранальна гучыць малітва – у сэрцы, у душы, у думках кожнага чалавека, у радках вершаў. Рэжысёр тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэса Казлоўская чытае “Малітву за Беларусь” народнага паэта Рыгора Барадуліна.      

 

Паважаныя радыёслухачы, шчыра віншую Вас з Калядамі і Новым годам! Будзем спадзявацца, што адыходзячы 2020 год забярэ з сабой хваробы, крызісы, сваркі і канфлікты. Здароўя, дабрабыту, міру і дабра жадае Вам праграма “Світанак”! Беражыце сябе і блізкіх!