Марудна цягнецца час карантыну ў надзвычайнай сітуацыі, абвешчанай у Латвіі ў сувязі з каронавіруснай пандэміяй. Мы па-іншаму працуем, па-іншаму маем зносіны, атрымліваем інфармацыю і адзначаем святы. Культурнае жыццё замерла ў чаканні. У Вялікдзень мы жадалі адзін аднаму, каб Гасподзь адвёў усе беды, а свята прынесла благадаць і шчасце. Пра духоўнае і такія вечныя каштоўнасці, як мова, радзіма, суседзі, паэзія і надзея, пойдзе гаворка ў перадачы.

 

Урокі беларускай мовы на інтэрнэт-пляцоўцы Tavaklase

Ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі ў Латвіі, звязанай з каронавіруснай інфекцыяй, другі месяц школьнікі вучацца дыстанцыйна, гэта значыць дома і з дапамогай інтэрнэту. Адзін з праектаў, які запусціла ў гэты час Міністэрства навукі і адукацыі, называецца “Вучыся дома”.

У яго рамках 17 красавіка настаўніца і намесніца дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Уладзіславаўна Іванэ правяла першы онлайн урок – па беларускай мове. А тэма - самая адпаведная: казкі. Урокі беларускай мовы праходзяць он-лайн па пятніцах. Шукайце на інтэрнэт-пляцоўцы Tavaklase!

 

Выстава пра творчасць Уладзимира Караткевіча

Напрыканцы навучальнага года Рыжская беларуская асноўная школа чакае перасоўную выставу пад назвай “Быў… Ёсць.. Буду…” пра творчасць Уладзіміра Караткевіча. У гэтым годзе класіку беларускай літаратуры споўнілася б 90 гадоў.

Пра выставу распавядае загадчыца навукова-экспазіцыйнага адзела Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры Вольга Гулева (Мінск).

 

Дыялог культур беларусаў і латышоў

Навуковае даследаванне на тэму “Дыялог культур ва ўмовах унутраных міграцыйных працэсаў у Віцебскай губерні на мяжы ХІХ−ХХ стагоддзяў на прыкладзе міграцыі латышоў” зрабіў выкладчык Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Андрэй Герберг.

Даклад прагучаў на міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні” у Даўгаўпілсе.

 

Францішку Багушэвічу - 180

“Эх, скручу я дудку!

Такое зайграю,

Што ўсім будзе чутна

Ад краю да краю!”.

Гэта радкі з верша і зборніка “Дудка беларуская” славутага паэта Францішка Багушэвіча, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Менавіта ён сфармуляваў ролю мовы ў жыцці нацыі і вызначыў, заклікаў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умёрлі!”