У першай навагодняй перадачы для беларусаў Латвіі “Світанак” даведаемся пра магчымасці адукацыі ў Беларусі, пацікавімся навінамі Рыжскай беларускай школы, адзначым юбілей пісьменніка Івана Шамякіна, павіншуем з юбілеем Вілянскае беларускае таварыства, пераймем вопыт он-лайн працы Рэзэкненскай і Дагдскай беларускіх суполак, а таксама паслухаем калядныя песні – фальклорныя, вядомыя і прэм’ерныя.

 

Адукацыя ў Беларусі і Рызе

Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы распаўсюдзіла інфармацыю для моладзі пра магчымасці атрымаць бесплатную прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў Беларусі па дзяржаўнай праграме.

У пераліку спецыяльнасцяў: міжнародная эканоміка, журналістыка, агульная ўрачэбная практыка, стаматалогія, хімія, замежныя мовы, руская філалогія; архітэктура, аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі, аўтасэрвіс, архітэктурны дызайн, аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў. Зацікаўленым асобам трэба аператыўна асабіста звярнуцца ў пасольства Беларусі ў Рызе.

Тым часам Рыжская беларуская асноўная школы імя Янкі Купалы працягвае даваць вучням адукацыю ў новых умовах. Пра тое распавядае завуч Ганна Іванэ.

 

Пісьменніку Івану Шамякіну – 100

Напрыканцы студзеня Беларусь будзе адзначаць стогадовы юбілей пісьменніка Івана Шамякіна. А ў Латвіі да гэтай даты аб’яўлены конкурс сачыненняў, пра што расказвае метадыст Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька.

 

Вілянскаму таварыству “Сябры” – 10

 

10 гадоў таму было створана і зарэгістравана беларускае таварыства “Сябры” у Вілянах. Як нарадзілася суполка – успамінае ў тэлефонным інтэрв’ю яе нязменны старшыня Віктар Гардзейка.

Як беларусы замежжа захоўваюць гэтыя народныя традыцыі ў абмежаваных умовах каронавірускай пандэміі і з выкарыстаннем он-лайн пляцовак? Вопытам дзеляцца старшыня Рэзэкненскага беларускага таварыства “Сузор’е” Людміла Стэц і член праўлення Дагдскага беларускага таварыства “Вербіца” Інэса Плесня.

 

Будзем чакаць вясну і натхняцца пазітывам ад ансамбля “Дразды”: “Крый Бог край ад ліхіх падзей і ўсім пашлі надзей!”