У першай перадачы 2022 года прагучаць наступныя тэмы: юбілей Дагдскага беларускага таварыства “Вербіца”, Год гістарычнай памяці, Каляды ў Даўгаўпілсе, 150-годдзе з дня нараджэння мастака Вітольда БялЫніцкага-Бірулі, а таксама разнастайныя беларускія песні.

2022 год у Беларусі абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Менавіта на гэтую тэматыку будуць арыентаванымі культурныя і патрыятычныя мерапрыемствы ў краіне. Нагадаю, папярэднія гады былі прысвечаныя  народнаму адзінству (2021 г.) і малой радзіме (2018-2020 гг.).

 

Каляды ў Даўгаўпілсе

Каляды святкавалі па ўсёй Беларусі і ў розных мястэчках Латвіі. Як адкалядавалі ў Даўгаўпілсе – распавядае метадыст Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька.

 

Мастаку Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі – 150

Самы вядомы беларускі пейзажыст нарадзіўся 31 студзеня (12 лютага) 1872 года ў шляхецкай каталіцкай сям'і дробнага арандатара ў фальварку Крынкі Магілёўскай губерні Расійскай Імперыі. Маёнтак знаходзіўся недалёка ад Бялынічаў. Дзяцінства будучага мастака прайшло на Віцебшчыне. Сям'я часта мяняла месца жыхарства. Бацька служыў у дняпроўскім параходстве і браў сына ў плаванне па Дняпры, Прыпяці і Сожы.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля вучыўся маляванню ў вучылішчах у Кіеве і Маскве. Яго выкладчыкамі былі Пранішнікаў, Паленаў, Каровін, Левітан. Пад уплывам настаўнікаў захапіўся пейзажамі. У жывапісе развіваў традыцыі “рускага імпрэсіянізму”.

У 1947 годзе падарожнічаў па Беларусі і напісаў цыкл карцін, прысвечаных радзіме: “Зялёны май”, “Зазелянелі беларускія бярозкі”, “Яблыні ў квецені”, “Беларусь. Зноў зацьвіла вясна” і інш.. 

Наогул, аб сваёй этнічнай прыналежнасці Вітольд Бялыніцкі-Біруля пісаў: “Я — беларус… Як часта і інтэлігентныя людзі, вядомыя ў сваіх навуковых, спартовых ці іншых заслужаных справах, закінутыя творчым ці жыццёвым лёсам у іншыя краі, ці то саромеюцца, ці проста не лічаць патрэбным прыгадаць, якога яны роду-племені, з якіх краёў і ваколіц”. Канец цытаты.

За сваё доўгае, плённае творчае жыццё заставіў багатую мастацкую спадчыну. У Беларусі знаходзяцца 444 палатны Бялыніцкага-Бірулі. Найбольшую калекцыю твораў можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі.

Імем мастака названы музей, вуліцы ў Мінску і Бялынічах.

 

Дагдскаму беларускаму таварыству “Вербіца” – 10 гадоў

Напрыканцы 2021 года адсвяткавала свой першы круглы юбілей Дагдскае беларускае таварыства “Вербіца”. З чаго ўсё пачыналася і якіх вяршыняў дасягнула суполка за дзесяць гадоў – расказвае яе нязменная старшыня Таццяна Гагалінская.

Шчыра віншуем “Вербіцу” з нагоды юбілею і слухаем песню “Дачка лесніка” на словы Станіслава Валодзькі, музыку Аляксандра Якіменкі ў выкананні ансамбля “Аколіца” з Дагды.

Фота: Фестываль беларускай культуры “ФЭСТ” у Дагдзе

 

Страты ў культуры Беларусі

На жаль, за апошні месяц культура Беларусі пацярпелі цяжкія страты. Сышоў у іншы свет Міхаіл Фінберг - дырэктар, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народны артыст Беларусі, адзін з заснавальнікаў Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Памёр Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Не стала беларускага публіцыста, літаратурнага крытыка, доктара філалагічных навук, прафесара Адама Maльдзіса.

Яркая памяць аб вядомых дзеячах культуры Беларусі назаўжды застанецца ў сэрцах людзей…