У новым выпуску перадачы “Світанак” даведаемся пра акцыю падтрымкі беларускага народа ў Латвіі і Усебеларускі народны сход у Мінску, падрыхтуемся да публічнай дыктоўкі па беларускай мове, адзначым стогадовы юбілей пісьменніка Івана Мележа, павіншуем сяброў з выданнем кнігі беларускай нацыянай кухні, а таксама паслухаем кранальныя песні.

 

Бела-чырвоная ілюмінацыя ў Рызе

У лютым беларуская тэма працягвае цікавіць грамадскасць свету. 7-га лютага ў многіх краінах, у тым ліку ў Латвіі, прайшлі акцыі салідарнасці з беларускім народам у яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

Увечары ў нядзелю, у Рызе, Ратуша, Міністэрства замежных спраў, Нацыянальная бібліятэка, будынак Латвійскага тэлебачання і Палац культуры ВЭФ, а таксама лёд на Даўгаве – рацэ, якая злучае Латвію і Беларусь, былі падсвечаны бела-чырвона-белай ілюмінацыяй. Колер сцяга беларускага пратэстнага руху быў выбраны сімвалам падтрымкі.

 

VI Усебеларускі народны сход

У Беларусі галоўнай грамадска-палітычнай падзеяй стаў 6-ы Усебеларускі народны сход, які адбыўся 11-12 лютага ў Мінску. Форум праходзіць кожныя пяць гадоў. Беларуская апазіцыя выступала супраць правядзення Усебеларускага народнага сходу, лічачы яго мэтай легітымізацыю ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Ва Усебеларускім народным сходзе прынялі ўдзел 2 700 чалавек – дэлегаты і госці. Ад Латвіі на сход былі запрошаны два прадпрымальнікі і грамадскія дзеячы, чыя дзейнасць звязана з Беларуссю. Сваімі ўражаннямі ад паездкі дзеліцца Алена Лазарава, старшыня Саюза беларусаў Латвіі.

 

Міжнародны дзень роднай мовы

Як беларусы ў Латвіі адзначуць Дзень роднай мовы? Распавядае Ганна Іванэ, намесніца дырэктара Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Усе жадаючыя пісаць дыктоўку па беларускай мове ў панядзелак, 22 лютага, у 14 гадзін: шукайце спасылку на ZOOM-пляцоўку на Фэйсбук-старонцы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.

 

Пісьменніку Івану Мележу – 100

Пісьменнік Іван Мележ, стагодзе якога адзначае беларускі літаратурны свет у лютым, многа пісаў пра родную мову.

Напрыклад, яго цытата “Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”. Дыктоўка ў Латвіі пройдзе менавіта па творах І. Мележа.

           

Кулінарны зборнік “Кірмашоўскія прысмакі”

Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе выпусціў кулінарную кнігу пад назвай “Кірмашоўскія прысмакі”. У ёй сабрана тры дзесяткі рэцэптаў папулярных страў нацыянальнай кухні ў беларусаў Латвіі.

Зборнік надрукаваны на беларускай мове. Прэзентацыя кулінарнай кнігі з дэгустацыяй адбудзецца падчас фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у верасні бягучага года. Падрабязней расказвае метадыст Марыя Памецька.