Тэмы кастрычніцкай перадачы “Світанак”: Дні беларускай культуры, фестываль “Кірмаш”, вандроўка фотавыставы, і ўсё гэта пад знакам юбілейных датаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, і ў музычным кантэксце.

 

Фотавыстава ў Рыжскай беларускай школе

Фотавыстава пра беларусаў Даўгаўпілса даехала з Ліепаі ў Рыгу, дзе адкрылася ў Беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы. Пра цікавую падзею распавядае намесніца дырэктара Ганна Іванэ.

 

Дні беларускай культуры ў Латвіі

З лірычным настроем на працягу месяца беларускія таварыствы Латвіі ладзілі імпрэзы традыцыйных восеньскіх Дзён беларускай культуры.

Як свята прайшло ў Ліепаі, расказвае член праўлення беларускай абшчыны “Мара” Ганна Дзюбянава.

Тым часам у Рэзэкнэ беларускае таварыства “Сузор’е” арганізавала музычна-літаратурную вечарыну. Распавядае старшыня суполкі Людміла Стэц.

А ў Екабпілсе адгулялі фестываль “Бульба”, пра што падзеліцца ўражаннямі старшыня беларускага таварыства “Спатканне” Іна Янсанэ.

 

“Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”

15 кастрычніка адбыўся XII Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” з удзелам творчых калектываў беларусаў Латвіі і Літвы. Пра значную падзею распавядае рэжысёрка тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэса Казлоўская.

На фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у выкананні ансамбля “Спадчына” прагучалі дзве знакамітыя песні класікаў беларускай літаратуры – “Спадчына” Янкі Купалы і “Мой родны кут” Якуба Коласа. І тэму Купалы і Коласа працягнуў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька з прэм’ерай верша.