Тэмы фінальнай перадачы адыходзячага года: юбілей паэта Максіма Багдановіча, фатаграфічная выстава беларусаў Даўгаўпілса, творчая стажыроўка беларусаў замежжа, свята Калядаў і цудоўныя беларускія песні.

 

Паэту Максіму Багдановічу – 130

9-га снежня літаратурны свет адзначаў 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча – аднаго са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка. Ён нарадзіўся ў Мінску ў інтэлігентнай шматдзетнай сям'і, у якой размаўлялі па-руску, але ўклад жыцця быў беларускім. Сям'я не раз мяняла месцы жыхарства, і большую частку свайго трагічна кароткага жыцця Максім Багдановіч пражыў удалечыні ад радзімы. Ён быў у Беларусі толькі два разы, беларускую мову вывучыў па кнігах, яго рукапісы пыліліся ў архіве “Нашай нівы”, выдадзены толькі адзін прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”; між тым Багдановічу было суджана, ярка ўспыхнуўшы на літаратурным небасхіле, пакінуць пасля сябе багатую літаратурную спадчыну і стаць класікам беларускай літаратуры.

Яго першы твор – апавяданне “Музыка”, у 1907 годзе апублікавала газета “Наша ніва”, аўтару тады было 15 гадоў. Потым выданне рэгулярна друкавала вершы Максіма Багдановіча, але таленавітаму паэту даставалася ад крытыкаў і частка яго твораў тады не дайшла да чытачоў. А газетны архіў пасля закрыцця выдавецтва разышоўся па ўсім свеце. Багдановіч памёр ва ўзросце 25 гадоў ад туберкулёзу ў Крыме, куды яго адправілі на лячэнне сябры, і пахаваны на старых гарадскіх могілках у Ялце.

У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная Багдановічу. Гучалі яго вершы, песні, уражанні і цікавая інфармацыя. Напрыклад, тры вершы Багдановіча захоўваліся ў вельмі багатай бібліятэцы вядомага дзеяча беларускага руху міжваеннага перыяду Латвіі Канстанціна Езавітава і зніклі ў вайну разам з яго архівам. У асяроддзі даследчыкаў ёсць легенда, што “таямнічы чамаданчык” з рукапісамі беларускіх літаратараў, у тым ліку Багдановіча, захоўваецца ў Латвіі. Аб гэтым піша Міхась Казлоўскі ў новай кнізе “Пад сузор'ем веры і надзеі”. 

 

Фотавыстава “Беларускі позірк Даўгаўпілса”

“Беларускі позірк Даўгаўпілса” – так называецца першая персанальная выстава маладога даўгаўпілскага фатографа Эдуарда Літвіноўскага. Ён нарадзіўся ў Даўгаўпілсе, мае беларускія карані па бацькоўскай лініі з Гомельскай вобласці. Шмат гадоў у якасці валанцёра цесна супрацоўнічае з Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры.

Эдуард з натхненнем падтрымаў праект “Беларускі позірк Даўгаўпілса” і выдатна справіўся з задачай. Ідэя заключаецца ў тым, каб аб'яднаць прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў адной фотасесіі: у розную пару года, у нацыянальных строях, на фоне прыгожых краявідаў латгальскай прыроды. Мы – розныя, мы – іншыя, і мы – частка Даўгаўпілса і Латвіі. Беларускі позірк... Ён глядзіць на вас з цудоўных фотаздымкаў. Гэта адкрыты, дружалюбны, добры і пазітыўны позірк тых беларусаў, якія шмат гадоў жывуць у Даўгаўпілсе, але яны выдатна памятаюць, адкуль іх карані, яны любяць Беларусь, яны захоўваюць сваю беларускую мову і беларускую культуру і не менш любяць сваю новую радзіму – Даўгаўпілс, Латвію. Фотавыстава пасля Палаца культуры ў Даўгаўпілсе адправілася вандраваць па Беларусі. Адбылося яе экспанаванне ў канцэртнай зале Віцебска, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску, у Цэнтральнай бібліятэцы ў Гомелі, на чарзе -  галерэя ў Браславе. Пра новы для сябе творчы праект разважае фатограф Эдуард Літвіноўскі.

 

Творчая стажыроўка беларусаў замежжа

У Мінску адбылася творчая стажыроўка для беларусаў замежжа, якія кіруюць аматарскімі калектывамі і грамадскімі арганізацыямі. Яе ладзіць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі. У стажыроўцы прынялі ўдел актывісты з беларускіх суполак Ліепаі, Даўгаўпілса, Екабпілса, Лудзы.

Пра новыя вопыт і ўражанні распавядаюць старшыня Ліепайскай беларускай абшчыны “Мара” Віктар Янцэвіч і член Праўлення Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Лілія Воранава.

 

 

Калядныя традыцыі беларусаў

Каляды – самае распаўсюджанае і самае чароўнае свята ў календары беларусаў. Як Каляды святкуюць на беларускай вёсцы – расказвае намесніца дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ.

 

Паважаныя радыёслухачы, здароўя вам, дабра, цяпла і згоды жадае праграма “Світанак”! Да сустрэчы ў наступным, 2022-м годзе, на хвалях Латвійскага радыё-4!