Тэмы красавіцкай праграмы “Світанак”: даследчая акцыя “Артэфакты маёй сям’і”, творчая стажыроўка беларусаў замежжа, перамога таварыства “Спадчына”, энцыклапедыя “Творчыя калектывы беларусаў замежжа”, свята Вялікадня і мілагучныя песні на беларускай мове.

        

Даследчая акцыя “Артэфакты маёй сям’і”

З пачатку года Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе праводзіць даследчую акцыю пад назвай “Артэфакты маёй сям’і”. Беларусы расказвалі пра свае дамашнія рэчы, пра даматканы тэкстыль, якія прывезлі з этнічнай радзімы і беражліва захоўваюць ў сваіх сем’ях. Чарговая вечарына была прысвечаная старым фотаздымкам, кнігам і дакументам. Пра тое распавядае метадыст Марыя Памецька.

 

Творчая стажыроўка беларусаў замежжа

З 3-га па 9-га красавіка ў Мінску адбылася творчая стыжыроўка для кіраўнікоў аматарскіх непрафесійных калектываў і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа. Такія пазнавальна-навучальныя сустрэчы вясной і восенню арганізоўвае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі. Сваімі ўражаннямі дзеліцца Людміла Стэц, кіраўніца Рэзэкненскага беларускага таварыства “Сузор’е”. Дарэчы, у чэрвені суполка будзе святкаваць свой 15-гадовы юбілей.

 

Таварыства “Спадчына” на конкурсе “Культура”

За шматгадовую плённую дзейнасць па захаванні і папулярызацыі беларускай культуры за мяжой адзнакі Радзімы атрымалі беларусы Даўгаўпілса і Вентспілса. Пра перамогу ў конкурсе “Культура” у няпросты для творчых калектываў кавідны год расказвае кіраўніца ансамбля беларускай песні “Журавінка” Анжаліка Зрайчанка, Вентспілскае беларускае таварыства “Спадчына”.

 

Энцыклапедыя “Творчыя калектывы беларусаў замежжа”

У Беларусі пабачыў свет другі том энцыклапедыі “Творчыя калектывы беларусаў замежжа”. Кніга выйшла малым накладам – усяго 114 асобнікаў,  некалькі з іх сёлета трапілі з Мінска ў Латвію. Выдатнай друкаванай якасці зборнік багата ілюстраваны фотаздымкамі з жыцця беларускай дыяспары ў розных краінах свету. Беларусам Латвіі адведзена шмат старонак, амаль пра ўсе грамадскія арганізацыі і творчыя калектывы ёсць інфармацыя і даведкі.

У святочны час Вялікадня жадаю вам светлых думак, светлых спраў і светлых людзей вакол; дабра, цяпла і міру!