У новым выпуску праграмы “Світанак” для беларусаў Латвіі прагучаць аповеды пра свята Купалля ў Даўгаўпілсе і ў Александрыі, 145-годдзе з дня нараджэння паэткі Алаізы Пашкевіч, а таксама мілагучныя беларускія песні.

 

Свята Купалля ў Даўгаўпілсе

Народнае свята беларускага Купалля ўжо стала штогадовай культурнай традыцыяй у Даўгаўпілсе, змяняючы кожны раз фармат і месца правядзення. У гэтым годзе святочны канцэрт “Беларускае Купалле” адбыўся ў дворыку мастацка-краязнаўчага музея. Пра свята расказвае кіраўніца тэатральнай студыі “Паўлінка” Алена Радзівонава.

 

Свята Купалля ў Александры

У Беларусі Купалле, як міжнародны фестываль, праходзіць у аграгарадку Александрыя, што на Магілеўшчыне. На свяце пабывалі і беларусы Латвіі. Праз два гады перапынку ў Беларусь, дзякуючы намаганням Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь Іллі Лапуця, трапіла дэлегацыя ў складзе 11-ці актывістаў з Рыгі, Даўгаўпілса, Екабпілса і Ліепаі. Распавядаюць старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава, члены праўлення таварыства “Уздым” Валерый Амбросаў і Лілія Воранава, старшыня Екабпілскага таварыства “Спатканне” Інна Янсанэ.

 

Паэтцы Алаізе Пашкевіч – 145 гадоў

У ліпені споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння паэткі Алаізы Пашкевіч, больш вядомай пад літаратурным псеўданімам Цётка. Яна нарадзілася ў Шчучынскім раёне на Гродзеншчыне. Вучылася ў Вільні, Петэрбурзе, Львове, Кракаве. Пісаць пачала ў 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. І дзякавала паэту ў прадмове свайго першага зборніка пад назвай “Скрыпка беларуская”. Падрабязней – у праграме “Світанак”.