Беларусь і Латвія зачынілі свае пасольствы, але межы адчынены і беларускія візы можна адкрываць. Паэт Станіслаў Валодзька пачаў выданне збору сваіх твораў. Настаўнікі беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” стварылі юбілейную кнігу. Гэтыя тэмы прагучаць у новым выпуску праграмы “Світанак”, а таксама цудоўныя купальскія песні, бо народныя святы Ліга і Купалля прысвечаны солнцу, самай кароткай ночы ў годзе і веры ў цуды.

 

 Інтэрв’ю з Генеральным консулам Беларусі Іллёй Лапуцем

Востры палітычны крызіс паміж Латвіяй і Беларуссю ў маі зачыніў пасольствы ў абодвух дзяржавах. Міністэрства замежных спраў Латвіі не раіць наведваць Беларусь. У Латвіі пражывае амаль 64 тысячы этнічных беларусаў, а таксама шмат выхадцаў з Беларусі. Простыя чалавечыя адносіны; дзелавыя, культурныя і спартыўныя стасункі працягваюцца.

З 16-га чэрвеня Латвія адкрыла знешнія межы, у тым ліку і з Беларуссю. Калі з Латвіі можа выехаць любы жыхар краіны, гэта яшчэ не значыць, што ён можа ўехаць у Беларусь. Спынімся на двух самых важных момантах: каго ўпускае Беларусь і як адкрыць беларускую візу? Сітуацыю тлумачыць Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Ілля Віктаравіч Лапуць.         

У сувязі з тым, што з 26-га мая пасольства Беларусі ў Рызе спыніла сваю працу, жыхары Латвіі па візы могуць звяртацца ў Генеральнае консульства РБ у Даўгаўпілсе (вул. 18 Навэмбра, 44; тэлефон даведак – 654 20965).

 

Выйшаў першы том збору вершаў Станіслава Валодзькі

Купалле беларусы раней святкавалі ў ноч на 24 чэрвеня, у сучасны час – 6 ліпеня. Як у Латвіі Ліга, так у Беларусі Купалле – адзін з самых любімых і папулярных народных святаў.

Народным традыцыям беларусаў прысвяціў шмат вершаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька. У свой юбілейны год паэт выдаў першы том збору сваіх твораў. Кніга вершаў С.Валодзькі была прадстаўлена на мерапрыемстве онлайн. Падрабязней – у інтэрв’ю.

 

Выдадзена кніга пра нядзельную школу “Вясёлка”

У фармаце онлайн адбылося свята апошняга званка ў беларускай нядзельнай школе “Вясёлка” Даўгаўпілскага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, на якім была прэзентавана кніга Людмілы Сіняковай і Мікалая Паўловіча пра школку.

Распавядае гісторык, краязнаўца, адзін з заснавальнікаў таварыства “Уздым” Мікалай Паўловіч.

 

Пісьменніцы Элізе Ажэшцы – 180 гадоў

У чэрвені гэтага года споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Яна нарадзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, на Гродзеншчыне. Пісала на польскай мове, але заняла ў гісторыі беларускай літаратуры асаблівае месца.

Так пра яе пісаў пісьменнік-краязнаўца Уладзімір Содаль: “Эліза Ажэшка, як ніхто да яе, апавядала свету пра беларусаў і Беларусь. Яна для нашага краю, як Гогаль для Украіны. Той быў сувязны між Украінай і Расіяй, а яна – між Беларуссю і Польшчай”. Творчая спадчына Э.Ажэшкі складае больш за 50 тамоў твораў розных празаічных жанраў і яшчэ 10 тамоў ліставання. Яе творы перакладзены на 20 еўрапейскіх моў, а імя ўнесена ў скарбніцу беларускай літаратурнай спадчыны.