Такія вечныя каштоўнасці як родная мова і адукацыя, адзначаныя ў беларускім календары як Дзень пісьменства і Дзень ведаў – далі старт новаму творчаму сезону ў Латвіі. Тэмы новага выпуску праграмы для беларускай дыяспары “Світанак”: сход Саюза беларусаў Латвіі, Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе і Лудзы, юбілейнае свята суполкі ў Екабпілсе, беларускія асветнікі і разнастайныя беларускія песні – вядомыя, любімыя і нечаканыя.

 

Справаздачна-выбарчы сход Саюза беларусаў Латвіі

У Рызе адбыўся справаздачна-выбарчы сход Саюза беларусаў Латвіі, у якім удзельнічалі члены грамадскага аб’яднання, прадстаўнікі беларускіх таварыстваў, ганаровыя госці, партнёры. Пасля віншаванняў і святочнага канцэрта прайшла справаздача і выбары. Пра сход – падзею, якая адбываецца адзін раз у тры гады, распавядае новая старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава.

 

10-годдзе таварыства “Спатканне” у Екабпілсе

Беларускае таварыства “Спатканне” цудоўным канцэртам і выставамі адсвяткавала сваё 10-годдзе. Віншавалі юбіляраў у Екабпілсе беларускія дыпламаты, сябры, партнёры і мясцовае самакіраванне ў асобе мэра Айвара Крапса. У гэтым годзе змянілася кіраўніцтва суполкі, бо яе заснавальніца Валянціна Іванаўна Дарашчонак зышла ў лепшы свет. Пра мерапрыемства разважае новая старшыня Іна Янсанэ.

 

Дні беларускай культуры ў Лудзы

Кранальнай песняй “Родны край” лудзэнскае таварыства “Крыніца” адкрыла Дні беларускай культуры, у якім таксама прынялі ўдзел творчыя калектывы з Рэзэкнэ, Дагды, Зілупэ, Малты, Цырмы. Чым святочны канцэрт адрозніўся ад леташняга – расказвае старшыня арганізацыі Ігар Ермакоў.

 

Адкрыццё творчага сезона ў Даўгаўпілсе

У рамках Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з таварыствам “Уздым” прыгожа і крэатыўна адкрылі новы творчы сезон. Асаблівасцю гэтага года стаў юбілей танцавальнага ансамбля “Лянок”, які адзначыў 20 гадоў са дня заснавання.

Святочны юбілейны канцэрт прайшоў з аншлагам і з абавязковым захоўваннем сацыяльнай дыстанцыі. Беларусаў павіншавалі дыпламаты і гарадское самакіраванне, калегі з рускага, польскага і ўкраінскага цэнтраў культуры.

 

Францыск Скарына – сусветны брэнд Беларусі

2020 год стаў неверагодна юбілейным па гістарычных асобах: Кірыла Тураўскі – 890 гадоў з дня нараджэння, Міхаіл Гусоўскі – 550, Сымон Будны – 490, Сяргей Сахараў – 140, а Францыск Скарына – 530.

Пра яго велічыню ўзімку распавядаў у сваім дакладзе на канферэнцыі “Беларускія чытанні ў Даўгаўпілсе” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.