У снежаньскай перадачы адзначым наступныя тэмы: беларуская выцінанка ў Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, Дзень беларускай культуры ў Рызе, зімовыя імпрэзы ў Даўгаўпілсе, вынікі адыходзячага 2024 года ў беларускай дыяспары.

 

Беларуская выцінанка ў спісе UNESCO

Міжурадавы камітэт ЮНЭСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключыў беларускую выцінанку ў рэпрэзентатыўны Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Выцінанка – гэта традыцыйнае мастацтва выразання карункавых узораў з паперы. Выцінанка стала ўжо шостай беларускай культурнай традыцыяй ў спісе UNESCO, на чарзе - беларуская дуда.

 

Дзень беларускай культуры ў Рызе

У Рызе, у Доме недзяржаўных грамадскіх арганізацый, адбыўся Дзень беларускай культуры, арганізаваны Беларускім таварыствам “Прамень” і Культурна-асветніцкім таварыствам “Свята”. Падрабязнасці – у старшыні суполак Алены Лазаравай.

 

Зімовыя імпрэзы ў Даўгаўпілсе

У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры Дома адзінства снежань праходзіць пад знакам зімовых радасцяў. Серыя калядных мерапрыемстваў пачалася абрадавым святам “Піліпаўскія вячоркі”, працягнуўся святам беларускага арнаменту “Калядныя матывы”, на якім пабывалі дзіцячая студыя “Аколіца” з Дагды і жыхары Даўгаўпілса. Далей жыхары і госці Даўгаўпілса сустрэнуцца з беларускім Дзедам Марозам, яго імя - Зюзя.

 

Галоўныя падзеі 2024 года ў беларускай супольнасці

Напрыканцы адыходзячага года адзначым значныя падзеі ў жыцці беларускай дыяспары Латвіі. Важна, што ўсе культурныя таварыствы захаваліся.

Галоўнай падзеяй назавём Міжнародны фестываль нацыянальных меншасцей Латвіі ў Ліепаі, на якім выступіла 13 беларускіх аматарскіх калектываў.

Галоўны выклік года – агляд на ўдзел у Міжнародным фальклорным фестывалі “Балтыка 2025”. Па выніках, беларускую культуру будзе прадстаўляць адзін творчы калектыў - тэатральная студыя “Паўлінка” з Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілса.

За год у Латвіі прайшло шмат цудоўных беларускіх святах і фестываляў: “Беларускі кірмаш” і “Восеньскія зоры” у Даўгаўпілсе, “Фэст” у Дагдзе, “Летні карагод” у Вентспілсе, “Свята бульбы” у Екабпілсе, “Сузор’е” збірае сяброў” у Рэзэкне; Дні беларускай культуры ў Рызе, Ліепаі   , Елгаве і Лудзе.

Літаратурным дасягненнем года можна назваць факсімільнае выданне двух кніг Вольгі і Сяргея Сахаравых, зробленае Даўгаўпілскім беларускім таварыствам “Альтанка”.

За год напісана многа вершаў, песень і карцін; зроблена шмат імпрэз, выстаў, паездак і добрых спраў. Што не зроблена, так не захавана Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Ліквідацыю беларускай адукацыі лічу галоўнай трагедыяй для беларускай дыяспары Латвіі і перспектыў яе развіцця…

Паважаныя слухачы, беларуская перадача “Світанак” жадае вам светлых Калядаў, шчаслівага Новага года, дабра, міру і згоды!