У красавіцкай перадачы для беларусаў Латвіі “Світанак” адзначым наступныя тэмы: стагоддзе “Беларускага працэсу” у Латвіі, свята БНР у Рызе, творчыя стасункі беларусаў Латвіі, Літвы і Эстоніі.

 

Навукоўцы даследуюць “беларускаму працэс”

Сто гадоў таму, у пачатку красавіка 1925 года, у Даўгаўпілсе адбыўся суд па так званым “беларускім працэсе”. Нагадаю гістарычны кантэкст. Гэта судовая справа, у якой настаўнікі беларускіх школ Латвіі абвінавачваліся ў стварэнні злачынскай арганізацыі з сепаратыўнымі мэтамі, а менавіта – спробе аддялення тэрыторыі Латгаліі ад Латвіі. Доказам стала этнаграфічная карта межаў Беларусі. Такія карты знайшоў у некаторых школах інспектар Озаліньш. Даклаў начальству ў Міністэрства адукацыі Латвіі. Справай занялося Палітычнае Упраўленне. Рушылі ўслед ператрусы ў школах і на кватэрах настаўнікаў, затым арышты. На лаве падсудных апынуліся 8 настаўнікаў беларускіх гімназій Даўгаўпілса і Лудзы, вядомыя тагачасныя грамадскія дзеячы: Канстанцін Езавітаў, Уладзімір Пігулеўскі, Ян Краскоўскі, Андрэй Якубецкі, Паўліна Мядзёлка-Грыб, Парфірый Жэрдзі, Уладзімір Корці, Міхаіл Іваноў. Больш за 100 чалавек былі дапытаны ў якасці сведкаў. У выніку Латгальскі акруговы адміністрацыйны суд апраўдаў падсудных: злачынства не было.

Але і праз сто год “беларускі працэс” альбо “справа аб настаўніках-сепаратыстах” застаецца малавывучанай тэмай. Пра гэта былі даклады на VI канферэнцыі “Беларускія чытанні” у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры. Гісторык з Рыгі Мілана Другавейка вывучала дакументы па “беларускім працэсе” у Нацыянальным архіве Латвіі, а гісторык з Варшавы Максім Каралёў даследаваў яго праз эга-дакументы. Аб гэтым і размаўляем з навукоўцамі.

 

Свята БНР у Рызе

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак” адсвяткавала чарговы дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Гэта гістарычная дата – 25-га сакавіка 1918 года. “Світанак” штогод адзначае ўгодкі БНР, працягваючы шматгадовыя традыцыі беларускіх дыяспар свету і міжваеннай Латвіі. Як прайшла імпрэза на гэты раз – распавядае мастак і грамадскі дзеяч Вячаслаў Міхайлавіч Целеш.  

 

Творчыя стасункі беларусаў Латвіі, Літвы і Эстоніі

 

Вясной ажывіліся творчыя стасункі беларусаў Латвіі, Літвы і Эстоніі. Аб’яднала іх беларуская культура: песні і вершы. Падрабязнасці – у паэта Станіслава Валодзькі.