У жнівеньскай перадачы адзначаныя тэмы: сустрэча прэзідэнта Латвіі і прадстаўнікоў нацыянальна-культурных таварыстваў у Рызе, фестываль беларускай песні і танца “Фэст” у Дагдзе, беларускія фестывалі ў Беластоку, фотаконкурс “Лёсавызначальная рака Дзвіна-Даўгава” у Даўгаўпілсе

 

Сустрэча прэзідэнта Э. Рынкевіча з нацменшасцямі

17 ліпеня ў Рыжскім палацы прэзідэнт Эдгар Рынкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі. Прэзідэнт заслухаў пытанні, якія іх хвалююць. На сустрэчу ў Рыжскі палац была запрошана і Таццяна Казак, старшыня Латвійскага таварыства “Сьвітанак”. Гэтая грамадская арганізацыя мае багаты вопыт прадстаўніцтва ў Кансультатыўнай радзе, якая раней дзейнічала пры прэзідэнце Латвіі і была ліквідавана папярэднікам спадара Рынкевіча. Ці абмяркоўвалася на высокай сустрэчы аднаўленне рады? З гэтага пытання пачалася наша гутарка са спадарыняй Казак.

 

Як адзначае прэсс-служба, падчас сустрэчы прэзідэнт адзначыў, што разнастайнасць культур, якая заўсёды была часткай ідэнтычнасці Латвіі, з'яўляецца сілай, якая нас аб'ядноўвае і ўзбагачае. Аднак важна таксама аб'ядноўвацца вакол асноўных каштоўнасцяў, запісаных у Канстытуцыі дзяржавы, і разам павышаць бяспеку ўсяго грамадства. Таму важна вывучаць латышскую мову ў школах і выкарыстоўваць яе ў паўсядзённым жыцці.

Прэзідэнт Рынкевіч сустрэўся з кіраўнікамі Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, Канфедэрацыі ўкраінскіх таварыстваў, Латвійскага цыганскага нацыянальна-культурнага таварыства, Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, Саюза палякаў Латвіі, Латвійскай літоўскай абшчыны, Латвійскай яўрэйскай абшчыны, Саюза немцаў Латвіі, Латвійскага грузінскага таварыства і Латвійска-ліванскага таварыства.

 

Фестываль “Фэст” у Дагдзе

13 ліпеня ў Дагдзе ўжо ў 9-ы раз адбыўся Міжнародны фестываль беларускай песні і танца “Фэст”, які арганізоўвае мясцовае беларускае таварыства “Вербіца”. Уражаннямі дзеліцца шматгадовы вядучы фестывальнага гала-канцэрта Сяргей Шабадалаў.

 

Беларускія фестывалі ў Беластоку

Аматарскія калектывы з Польшчы выступалі на фестывалі ў Латвіі, а потым сустрэліся з латвійскімі беларусамі на фестывалях у Беластоку. Так, ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры ўпершыню выступіў у Польшчы па запрашэнні Беларускага грамадска-культурнага таварыства з Беластока.

 

Праграма знаходжання была разнастайнай і вельмі насычанай. 20 ліпеня ансамбль “Купалінка” спяваў на фестывалі “Бандароўская гасцёўня”, а на наступны дзень прыняў удзел у ХІІІ Міжнародным фестывалі “Культура без межаў” у Белавежскай пушчы. Песні на латышскай, латгальскай і беларускай мовах спадабаліся польскім гледачам.

 

Фотаконкурс пра раку Дзвіну-Даўгаву

Да 9 верасня праходзіць фотаконкурс пад назвай “Лёсавызначальная рака Дзвіна – Даўгава”, у якім можа прыняць удзел любы жадаючы, прадаставіўшы фатаграфіі пейзажаў Даўгавы.

Мэта конкурсу - павысіць цікавасць да ракі Даўгава, як культурнага і гістарычнага шляху, якая стала шматзначным сімвалам “лёсавызначальнай ракі” і з'яўляецца часткай культурнага канона Латвіі.

 

Кожны ўдзельнік конкурсу можа падаць ад 1-й да 3-х фатаграфій, зробленых у 2024 годзе.

Пасля адзнакі атрыманых прац 13 верасня адбудзецца адкрыццё фотавыставы “Лёсавызначальная рака Дзвіна – Даўгава” і ўзнагароджанне ўдзельнікаў. Мерапрыемства пройдзе ў рамках “Дзён паэзіі ў Даўгаўпілсе”, на якім прагучаць вершы пра Дзвіну – Даўгаву на латышскай і беларускай мовах. Мерапрыемства арганізуе даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры.