У вераснёўскай перадачы адзначым наступныя тэмы: новы навучальны год у былой Рыжскай беларускай школе імя Янкі Купалы, Дні беларускай культуры ў Латвіі, фестывалі ў Вентспілсе і Екабпілсе, цікавыя падзеі ў Ліепаі і Даўгаўпілсе, першы юбілей ансамбля “Пралескі”.

 

Новы навучальны год у былой беларускай школе

Як раней паведамляла праграма “Світанак”, рашэннем Рыжскай думы была ліквідавана Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Навучальная ўстанова не магла забяспечыць неабходную па закону колькасць вучняў; настаўнікі, бацькі і беларускія грамадскія арганізацыі не пратэставалі супраць такого рашэння ўладаў.

Беларуская школа стала часткай 86-й сярэдняй школы, з якой дзяліла адзін будынак шмат год. Шыльда-барэльеф Янкі Купалы з назвай школы знята са сцяны будынка. Як пачаўся новы навучальны год і ў якім аб’ёме захавана беларуская праграмма? Пра тое распавядае настаўніца беларускай мовы і літаратуры, загадчыка школьнага музея Янкі Купалы Ганна Іванэ.

 

Фестываль “Летні карагод” у Вентспілсе

Працягвае перадачу аповед пра традыцыйныя восеньскія Дні беларускай культуры ў розных гарадах Латвіі. Паспяхова прайшлі канцэрты славянскага таварыства “Узоры” у Ліванах і беларускага таварыства “Крыніца” у Лудзе. А ў Вентспілсе вядомы фестываль змяніў фармат. Падрабязнасці ў удзельніцы вакальнага ансамбля “Журавінка” Алены Нарушэвіч.

 

Дні беларускай культуры ў Ліепаі

У Ліепайскай беларускай абшчыне “Мара” Дні беларускай культуры крочаць шэрагам імпрэз, пра што распавядае член праўлення Ганна Дзюбянава.

 

Фестываль “Бульба” у Екабпілсе

Песні пра бульбу гучалі напрыканцы лета ў Екабпілсе, дзе мясцовае беларускае таварыства “Спатканне” ладзіла свята ўраджаю “Бульба”. Падрабязнасці – у старшыні Іны Янсанэ.

 

Ансамблю “Пралескі” – 10!

Даўгаўпілскі “Цэнтр беларускай культуры” Дома адзінства новы творчы сезон адкрыў юбілейным канцэртам вакальна-інструментальнага ансамбля “Пралескі”. Калектыў быў створаны 10 год таму.

Пад кіраўніцтвам прафесійнага педагога і спявачкі Анастасіі Лукашэнак самадзейны ансамбль прымаў удзел у самых значных культурных падзеях краіны: Уселатвійскім свяце песні і танца, Міжнародным фестывалі нацыянальных меншасцей Латвіі. Народныя і фальклорныя, сучасныя і аўтарскія песні ў выкананні маладзёжнага ансамбля “Пралескі” гучалі на канцэртных пляцоўках Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі. Святочны канцэрт прайшоў з аншлагам, і гэта цудоўная нагода пацікавіцца ў кіраўніцы, што для яе значаць “Пралескі”? Разважае Анастасія Лукашэнак. Паэт Станіслаў Валодзька прысвяціў ансамблю “Пралескі” вершы.

 

Фотавыстава пра Дзвіну-Даўгаву ў Даўгаўпілсе

У Даўгаўпілсе адкрылася фотавыстава пад назвай “Лёсавызначальная рака Дзвіна – Даўгава” па выніках аднайменнага фотаконкурсу. Падрабязнасцямі дзеліцца метадыст “Цэнтра беларускай культуры” Дома адзінства Марыя Памецька.