У новым выпуску перадачы “Світанак” закранём наступныя тэмы: юбілей аўтара хрэстаматыйнай песні “Алеся”, Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, дыктоўка па роднай мове, дзень памяці ахвяр дэпартацыі ў Сібір.

 

Пісьменніку Аркадзю Куляшову - 110

Хто не ведае гэтай цудоўнай беларускай песні “Алеся”, якую спявалі легендарныя “Песняры” і выконваюць сучасныя спевакі! Колькі дзяўчынак бацькі назвалі Алесямі пад уплывам лірычных радкоў! А напісаў іх, толькі ўявіце сабе, 14-гадовы хлапчук. Звалі яго Аркадзь Куляшоў. Музыку да песні напісаў знакаміты кампазітар Ігар Лучанок.

Нядаўна літаратурны свет адзначаў 110-годдзе з дня нараджэння Аркадзя Куляшова, класіка беларускай літаратуры, народнага паэта, перакладчыка, сцэнарыста.

Ён нарадзіўся ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці ў сям’і сельскіх настаўнікаў. Паэтычны талент Куляшова абудзіўся рана: у 7 гадоў пачаў пісаць, у 12 у газеце надрукаваны першы верш, у 16 выйшаў першы зборнік – “Росквіт зямлі”, прамову да якога стварыў сам Міхась Чарот.

Што цікава, Аркадзь Куляшоў вершы складаў лежачы. Толькі калі верш прыйшоў цалкам, садзіўся за машынку і запісваў, друкаваў гатовы тэкст.

Паэт заставіў пасля сябе шмат кніг, багатую літаратурную спадчыну. Але народную любоў яму прынесла менавіта “Алеся”. Верш “Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая” паэт прысвяціў свайму першаму каханню, дзяўчыне Алесе. Праз шмат гадоў, ужо ў сталым узросце, яны дамовіліся сустрэцца. Праз акно Куляшоў убачыў не юнацкі натхнёны вобраз, а аднагодку, і спалохана пайшоў прэч…   

 

Канферэнцыя “Беларускія чытанні” у Даўгаўпілсе

Да Міжнароднага дня роднай мовы традыцыйна ў Даўгаўпілсе адбылася канферэнцыя “Беларускія чытанні”, якая аб’ядноўвае навукоўцаў і даследчыкаў латвійскіх і беларускіх культур і сувязяў. Падрабязней распавядае метадыст Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька. І гучыць песня латвійскіх аўтараў – “Ікона”: словы Станіслава Валодзькі, музыка Генрыха Галіцкага,  спявае Рыгор Старавойтаў.

 

25 сакавіка – Дзень памяці ахвяр камуністычнага генацыду

          25-га сакавіка ў Латвіі адзначаецца Дзень памяці ахвяр камуністычнага генацыду. У гэты дзень у 1949 годзе пачалася арганізаваная савецкімі ўладамі масавая дэпартацыя, у выніку якой амаль 43 тысячы латвійцаў былі вывезены ў Сібір. Сярод дэпартыраваных былі і беларусы. Трагедыю адной сям’і даследавала гісторык Інэта Яноўска, даклад прагучаў на V Міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні”.