У кастрычніцкай перадачы адзначым наступныя тэмы: выстава Аб’яднання мастакоў Балтыі “Маю гонар” у Рызе, Дні беларускай культуры ў Елгаве і восеньскія фестывалі ў Даўгаўпілсе.
Выстава карцін аб’яднання “Маю гонар”
18-га верасня ў доме “Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч” у Рызе адкрылася выстава карцін Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. Арганізацыя штогод ладзіць свае выставы ў АНКАЛе. На гэты раз тэмай экспазіцыі стаў “Нацюрморт”. Падрабязнасці – у старшыні Васіля Малышчыца.
Новую выставу “Маю гонар” адкрывае 24-га кастрычніка, у АНКАЛе, на Слокас, 37. Гэта асабістая выстава мастачкі Галіны Жэлабоўскай пад назвай “Акварэльныя замалёўкі”.
Фестываль “Восеньскія зоры” у Даўгаўпілсе
21-га верасня ў Даўгаўпілсе адбыўся VI Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні “Восеньскія зоры”, які ладзіць Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. Фестываль з’яўляецца адметным мерапрыемствам суполкі. Яго па праекце штогод падтрымлівала мясцовае гарадское самакіраванне. Свята прымеркавана да Дзён беларускай культуры, якія ўвосені адбываюцца ў розных гарадах Латвіі.
Святочны канцэрт адкрыла песня-прысвячэнне “Наш фестываль” на словы паэта Станіслава Валодзькі, музыку Альберта Белуся ў выкананні гурта “Натхненне”.
У гэтым годзе на канцэрце ў Даўгаўпілсе замежныя выканаўцы не прысутнічалі, але беларусы з Іарданіі, Італіі, Польшчы і Беларусі даслалі свае віншаванні, у тым ліку музычныя, што забяспечыла фестывалю міжнародны фармат.
Як адзначыла намесніца старшыні таварыства “Уздым” і вядучая канцэрта Людміла Сінякова, “гучалі песні на розных мовах, але абавязковай умовай для ўсіх удзельнікаў было выкананне песні на беларускай мове”.
З першага фестывалю ў ім удзельнічаюць спевакі Віталь Міхайлоўскі, Алена Віткевіч і Валерый Ермачэнка з Даўгаўпілса, дуэт Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча з Ліван. Кожны год пашыралася кола ўдзельнікаў, і да іх далучыліся Наталля Елізар’ева з Екабпілса, Артур Трэпша з Дагды, даўгаўпілчане Анастасія Лукашэнак, Майя Калныня і Рыгор Старавойтаў.
Упершыню на фестывалі “Восеньскія зоры” выступілі Людміла Сінкевіч з Рыгі, Алена і Аляксандр Усцінавы, Анастасія Кізэрнэ з Ліван, а таксама Аляксандр Лапа, гурт “Рандэву”, Ксенія Лукашэнак і Павел Кузьміч з Даўгаўпілса.
У фестываля “Восеньскія зоры” ёсць свая ўнікальная ніша, што робіць яго непадобным на іншыя беларускія фестывалі Латвіі – гэта менавіта беларуская аўтарская песня і сольныя выканаўцы. Нядзіўна, што гледачы шчыра апладыравалі спевакам, а канцэртныя гадзіны праляцелі хутка.
Дні беларускай культуры ў Елгаве
Забіяцкая народная песня “Ночка цёмная” з’яўляецца адной з любімых у ансамбля “Лянок”. Прагучала яна і на канцэрце Дзён беларускай культуры ў Елгаве 12-га кастрычніка.
Елгаўскае беларускае таварыства “Лянок” ужо ў 18-ы раз арганізавала Дні беларускай культуры ў сваім горадзе, і заўжды атрымлівала падтрымку мясцовага самакіравання.
Канцэрт пад назвай “Сустрэча з родным домам” сабраў шмат гледачоў. Кожная песня ансамбля “Лянок” знаходзіла водгук у сэрцах гледачоў. Зала ахвотна падпявала вядомым песням, задумліва слухала вершы Вацлага Гераеўскага. Разам з “Лянком” былі яго сябры і парнёры: Елгаўская асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў, Рускае таварыства “Исток”, Яўрэйскае таварыства “Сімха”, салісты. Дарэчы, старшыня Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок” Алена Грыслэ прызналася, што “разам з Улдысам Ціммам песня гучыць па-іншаму і яшчэ больш сардэчна”.
Дні беларускай культуры ў Елгаве – брэнд таварыства “Лянок”, які добра ведаюць жыхары Зэмгалэ.
Фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”
Бацькоўская хата стала галоўнай тэмай XIV Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які прайшоў 12-13 кастрычніка. Культурны форум аматарскіх беларускіх творчых калектываў краін Балтыі штогод ладзіць Цэнтр беларускай культуры Дома адзінства Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання. Мэтай “Беларускага кірмаша” з'яўляецца захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны і народных традыцый беларусаў.
І ў гэты раз фестываль парадаваў жыхароў і гасцей Даўгаўпілса канцэртам, выставамі карцін і восеньскіх дароў прыроды, майстар-класамі па дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
У суботу, 12 кастрычніка, у канцэртнай зале Дома адзінства з аншлагам прайшоў гала-канцэрт, у якім прынялі ўдзел усе творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, тэатральная студыя “Паўлінка”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі” і дзіцячая студыя “Скарбніца”, а таксама беларускія аматарскія калектывы з розных куткоў Латвіі: “Сузор'е” (Рэзэкнэ), “Крыніца” (Лудза), “Завіруха” (Екабпілс), “Вытокі” (Рыга), “Журавінка” (Вентспілс), “Мара” (Ліепая), славянскія “Рабінушка” (Прэйлі) і “Узоры” (Ліваны). Міжнародны статус фестывалю пацвердзілі гасцявыя самадзейныя калектывы “Купалінка” (Клайпеда, Літва), “Лянок” (Талін, Эстонія), “Чырвоныя шпількі” і “Сёстры Астапчук” (Беласток, Польшча).
На фестывалі была прадстаўлена выстава карцін “Восеньскія матывы” Вэлты Лоцэ, выстава восеньскіх дароў і хатніх нарыхтовак беларускіх гаспадынь. Многія гледачы з задавальненнем удзельнічалі ў майстар-класах па традыцыйных рамёствах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, з якімі іх знаёмілі майстрыхі беларускіх таварыстваў “Мара” (Ліепая), “Спатканне” (Екабпілс) і “Альтанка” (Даўгаўпілс).
Фестывальная праграма працягнулася на наступны дзень, у нядзелю. У гэты дзень у Цэнтры беларускай культуры адбылося адкрыццё выставы нацюрмортаў Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. На вернісажы былі прадстаўлены 23 прафесійныя работы дзесяці вядомых мастакоў: Вячаслава Целеша, Васіля Малышчыца, Ганны Пэйпіні, Ірыны Ятновай, Ірыны Трумпель, Лявона Жукоўскага, Ірыны Кароль, Кацярыны Осберг, Вольгі Якубоўскай і Сяргея Махнача.
З пранікнёнай прамовай выступіла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Вытокі” Таісія Бачкарова. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свае тэматычныя вершы, а музычным фонам гучалі песні ў выкананні ансамбля “Мара” і барда Анатоля Галлера. Выстава будзе даступная да 31-га снежня.
У наступным годзе фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” будзе святкаваць свой 15-ты юбілей.
Ieteikt
Latvijas Radio aicina izteikt savu viedokli par raidījumā dzirdēto un atbalsta diskusijas klausītāju starpā, tomēr patur tiesības dzēst komentārus, kas pārkāpj cieņpilnas attieksmes un ētiskas rīcības robežas.
Добавить комментарий
Добавить ответ
Чтобы оставить комментарий, Вы также можете войти в систему, используя свой профиль draugiem.lv, Facebook или X!
Draugiem.lv Facebook X