У новым выпуску перадачы для беларусаў Латвіі “Світанак” гучыць тэма мастацтва, менавіта тэтральнага і паэтычнага, бо нагоды таму адпавядаюць: гастролі ў Латвіі тэатральных праектаў з Беларусі, Міжнародны дзень роднай мовы і дзень нараджэння народнага паэта Рыгора Барадуліна.

У лютым быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве двух тэатраў – Даўгаўпілскага тэатра і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Стасункі ўключаюць не толькі абмен гастролямі, але і рэалізацыю сумесных творчых праектаў - фестываляў, канцэртаў, конкурсаў, майстар-класы, лекцыі. Ужо 19-га сакавіка ў Даўгаўпілсе славуты Купалаўскі тэатр прапануе гледачам спектакль “Рэвізор” - на рускай мове, але з беларускай трасянкай. У сваю чаргу спектакль Даўгаўпілскага тэатра “Блізкасць” у красавіку будзе паказаны ў Мінску.

Тым часам, напрыканцы сакавіка ў Рызе, Елгаве і Ліепаі выступіць “Новы Мінскі драматычны тэатр”. Гледачы ўбачаць дзіцячы спектакль “Прынц і пачвара”, а таксама прэм’еру меладрамы “Жанна”.

Пакуль тэатралы рыхтуюцца да новых сустрэч і ўражанняў, у Даўгаўпілсе, Ліепаі і Вентспілсе паспяхова прайшлі гастролі тэатральнага праекта “ТрыТфармаТ” з камедыяй “Тры плюс кот”. Пра спектакль, тэатр і артыстычную прафесію – у інтэрв’ю з актрысай і кіраўніцай праекта Верай Паляковай.

 

 

85-годдзе з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна

24 лютага 1935 года на Віцебшчыне нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін – беларускі паэт, эсэіст, перакладчык, Народны паэт Беларусі. Шэсць гадоў таму яго не стала. Паэт пакінуў пасля сябе сотні кнігаў і мноства песень. Сам паэт казаў, што самая галоўная кніга ўсяго яго жыцця –  “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна”, пісаць якую ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве. У кнізе сабрана амаль усё: пачынаючы ад традыцыйных «вушацкіх» імёнаў, заканчваючы падрабязным апісаннем страў мясцовай кухні, святкавання народных і рэлігійных святаў.

Дарэчы, у Р.Барадуліна былі асабістыя сувязі з Латвіяй. Дзед па мамінай лініі Андрэй Гальвіньш, быў этнічным латышом. Зборнік вершаў Рыгора Барадуліна быў перакладзены на латышскую мову і выйшаў у 1967 годзе пад назвай Siena laiks. У сваю чаргу, паэт пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Райніса. Рыгор Іванавіч Барадулін узнагароджаны латвійскім ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) у 1997 годзе).

Вершы Дзядзькі Рыгора чытае Таіса Бачкарова, старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Вытокі”.