У лістападаўскай перадачы “Світанак” на Латвійскім радыё-4 адзначым наступныя тэмы: канцэрт прысвячэння Латвіі, канферэнцыя беларуска-латвійскіх даследаванняў, мемарыяльная імпрэза ў гонар расстраляных паэтаў, свята “Дажынкі”.

 

Канцэрт “Прысвячэнне Латвіі” у Даўгаўпілсе

Апошні месяц восені ў Латвіі праходзіць пад знакам патрыятычных святаў і мерапрыемстваў. Як беларусы Даўгаўпілса адсвяткавалі Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі, распавядае метадыст Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства Марыя Памецька.

 

Канферэнцыя беларуска-латвійскіх даследаванняў у Рызе

У лістападзе ў Рызе адбылася міжнародная канферэнцыя, якая сабрала навукоўцаў і экспертаў беларуска-латвійскіх даследаванняў. Сустрэча прайшла ў фармаце воркшопа. Арганізатарам выступіў Беларускі інстытут у Празе.

Галоўныя тэмы – прэзентацыя 13-га выпуска навуковага штогодніка “Латышы і беларусы: разам праз стагоддзі”, дыскусіі па праектах да стагоддзя “беларускага працэсу” у Латвіі і стагоддзя Акадэмічнай канферэнцыі ў Мінску. Падрабязнасці – у доктара філалагічных навук з Чэхіі Міраслава Янковяка.

 

Мемарыяльная імпрэза “Галасы расстраляных паэтаў” у Рызе

Напярэдадні восеньскіх “Дзядоў” у Латвійскім таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак” успаміналі паэтаў, загубленых у час даваенных сталінскіх рэпрэсій. У Рызе прайшла мемарыяльная імпрэза пад назвай “Галасы расстраляных паэтаў”. 

Слухачы адкрылі для сябе невядомыя да гэтага часу імёны, вершы і факты. Напрыклад, знакамітую песню “Купалінка” называюць народнай, але ў тэкста ёсць аўтар – Міхась Чарот, паэт з расстрэльнага спіса. Падрабязней пра мерапрыемства распавядае Андрусь Татур, член праўлення таварыства “Сьвітанак”.

 

Свята “Дажынкі” у Ліепаі

 Працягваюцца мерапрыемствы Дзён беларускай культуры ў розных гарадах Латвіі. Так, Ліепайская беларуская абшчына “Мара” ладзіла свята “Дажынкі”. Пра падзею расказвае член праўлення Ганна Дзюбянава.