У чэрвеньскай перадачы адзначым наступныя тэмы: кніга пра народныя спевы беларускіх старавераў, традыцыйнае майскае свята ў Рэзэкне, чэрвеньскія фестывалі ў Польшчы, Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе і новая ініцыятыва ў беларускай дыяспары – Узнагарода года “Ліхтары”.
Кніга спеваў беларускіх старавераў
Напрыканцы мая ў Даўгаўпілсе і Рызе адбылася прэзентацыя кнігі Вольгі Барышнікавай пад назвай “І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі”. Даследчыца збірала песні ў экспедыцыях па прымяжовых вёсках Віцебшчыны. Кніга выдадзена ў Лондане.
Пра работу і планы размаўляем з Вольгай Барышнікавай, беларускім этнамузыколагам, выкладчыцай традыцыйнага спеву, музыкай, лаўрэатам міжнародных конкурсаў, якая зараз жыве ў Польшчы.
Канцэрт “Сузор’е” збірае сяброў”
Традыцыйна напрыканцы мая Рэзэкненскае беларускае таварыства “Сузор’е” ладзіць канцэрт, на які запрашае сяброў. Падрабязнасці – у заснавальніцы традыцыі Людмілы Стэц.
Чэрвеньскія беларускія фестывалі ў Польшчы
Напачатку чэрвеня два творчых калектывы Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства з Даўгаўпілса выступілі на беларускіх фестывалях у Польшчы.
Першы канцэрт адбыўся на Падляшчы, у маляўнічай вёсцы Мацьковічы. Другі - на юбілейным, 40-ым, Свяце беларускай культуры ў Беластоку. Упершыню перад польскімі гледачамі выступалі вакальны ансамбль “Пралескі” і тэатральная студыя “Паўлінка”. Уражаннямі дзеліцца Анастасія Лукашэнак, кіраўніца “Пралесак”.
Узнагарода года “Ліхтары” - 2024
Традыцыйна ў канцы мая – пачатку чэрвеня ў Даўгаўпілсе адбываюцца Дні беларускай культуры, прымеркаваныя да дня памяці Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Падзей было шмат і разнастайных: набажэнства, выставы, імпрэзы, творчыя вечарыны. Адметнай асаблівасцю стала “Узнагарода года “Ліхтары””. З такой ініцыятывай выступіла Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка”. Галоўная ідэя: культура – гэта святло, якое мы нясём адзін аднаму, таму падзякуем у беларускай дыяспары Латвіі тым, хто ў 2024 годзе свяціў ярчэй. На ўрачыстасці былі ўручаны прызы-статуэткі ліхтаршчыка ў пяці намінацыях: Творчасць, Адкрыццё, Ідэнтычнасць, Праект і Персона.
У намінацыі “Творчасць” узнагароджаны паэт Станіслаў Валодзька – за плённы ўклад у развіццё беларускай літаратуры. На свяце Станіслаў Віктаравіч прачытаў свой новы верш - “Ліхтаршчык”.
У намінацыі “Адкрыццё” адзначана Дагдская дзіцячая студыя “Аколіца”. Інэса Плесня і Карына Бэйкулэ ў 2024 годзе стварылі гэты творчы калектыў школьнікаў. Адзнака – за захаванне і папулярызацыю беларускай песні.
У намінацыі “Ідэнтычнасць” узнагароджана Тэатральная студыя “Паўлінка” Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства пад кіраўніцтвам Інэсы Казлоўскай – за адраджэнне і папулярызацыю аўтэнтычных беларускіх традыцый. Значнае дасягненне 2024 года – паспяховы агляд “Паўлінкі” на Міжнародны фальклорны фестываль “Балтыка”.
У намінацыі “Праект” адзначана таварыства “Альтанка” – за факсімільнае выданне гістарычных кніг Вольгі і Сяргея Сахаравых.
У намінацыі “Персона” узнагароджана настаўніца Ганна Іванэ – за самаадданую асветніцкую дзейнасць у Рыжскай беларускай асноўнай школе імя Янкі Купалы. У мінулым годзе навучальная установа была зачынена, але захаваліся беларуская мова і літаратура як факультатывы і існуе школьны музей імя Янкі Купалы. Спадарыня Ганна Уладзіславаўна не змагла прыехаць на ўрачыстасць і даслала свой відэазварот.
Арганізатары плануюць зрабіць Узнагароду года “Ліхтары” штогадовай і ўручаць на традыцыйным майскім свяце Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
Ieteikt
Latvijas Radio aicina izteikt savu viedokli par raidījumā dzirdēto un atbalsta diskusijas klausītāju starpā, tomēr patur tiesības dzēst komentārus, kas pārkāpj cieņpilnas attieksmes un ētiskas rīcības robežas.


Добавить комментарий
Добавить ответ
Чтобы оставить комментарий, Вы также можете войти в систему, используя свой профиль draugiem.lv, Facebook или X!
Draugiem.lv Facebook X