Тэмы вераснёўскай перадачы: Дзень беларускага пісьменства ў Даўгаўпілсе, выстава жывапісу ў Ліепаі, беларускі стэнд на Свяце Рыгі, юбілей Саюза беларусаў Латвіі, песенны фестываль у Дагдзе, а таксама мілагучныя песні на беларускай мове.  

 

Дзень беларускага пісьменства ў Даўгаўпілсе

Першыя дні восені ў беларускім календары культурных падзей адзначаны Днём беларускага пісьменства. У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры да гэтага свята прымеркавалі адкрыццё новага творчага сезона – літаратурная выстава Максіма Гарэцкага і выстава карцін Аб’яднання мастакоў Балтыі “Маю гонар”, пра што распавядае метадыст Марыя Памецька. А паэт Станіслаў Валодзька прысвяціў новы верш да 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка М. Гарэцкага.  

 

Выстава карцін у Ліепае

У Ліепаі Дні беларускай культуры працягнула вераснёўская выстава жывапісу. Падрабязней расказвае член праўлення Ліепайскай беларускай абшчыны “Мара” Ганна Дзюбянава.

 

Беларускі стэнд на Свяце Рыгі

Напрыканцы жніўня, падчас святкавання дня заснавання Рыгі, актывісты Асацыяцыі латвійскіх беларусаў “Суполка” і Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” упершыню ладзілі свой асобны беларускі стэнд. Ён знаходзіўся на Ратушнай плошчы і атрымаўся вельмі цікавым не толькі для латвійскіх беларусаў, але і для жыхароў і гасцей сталіцы. Вядомы рок-музыкант, аўтар музыкі і тэкстаў Лявон Вольскі і латышскі хор “Frachori” на дабрачыннай аснове сваімі прафесійнымі спевамі ўпрыгожылі беларускую частку святкавання Дня нараджэння Рыгі. Уражаннямі дзеліцца Марына Канапелька.

 

Саюзу беларусаў Латвіі – 20 год!

Святочны канцэрт Дня беларускай культуры ў Рызе прайшоў пад знакам 20-годдзя Саюза беларусаў Латвіі. Залу ўпрыгожвалі нацыянальныя вышытыя кашулі і ручнікі, аўтэнтычныя вырабы і абярэгі, гістарычныя кнігі і дакументы, газеты “Прамень” розных гадоў.

Ганаровая старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова нагадала галоўныя старонкі гісторыі і дасягненняў арганізацыі.

На канцэрце паэты чыталі вершы, спявалі аматарскія ансамблі і салісты з розных куткоў Латвіі: “Надзея” і “Вытокі” (Рыга), “Спадчына” і “Вясёлка” (Даўгаўпілс), “Журавінка” (Вентспілс), “Паўлінка” (Ліепая), “Сузор'е” (Рэзэкнэ), “Крыніца” (Лудза), “Завіруха” (Екабпілс). Таксама з музычнымі віншаваннямі выступілі госці з Таліна і Вісагінаса.

Мерапрыемства Саюза беларусаў Латвіі насіла карпаратыўны характар і прайшло без пабочных гледачоў.

 

Фестываль “ФЭСТ” у Дагдзе

 

Ансамбль беларускай песні “Світанак” і яго кіраўнік Сяргей Шабадалаў з Літвы – частыя госці ў Латвіі. Спявалі ў Рызе, а месяцам раней – у Дагдзе на Міжнародным фестывалі беларускай песні і танца “Фэст”, пра што засталіся самыя добрыя ўспаміны.