У першым вясновым выпуску перадачы “Світанак” дазнаемся, які горад стаў культурнай сталіцай Беларусі; пацікавімся, як прайшла канферэнцыя “Беларускія чытанні” і хто пісаў дыктоўку па беларускай мове; успомнім дзеячаў беларускага руху ў Латвіі, праводзім Масленку і пагукаем вясну, адзначым 125-я ўгодкі Кандрата Крапівы і будзем слухаць разнастайныя вершы да Сусветнага дня паэзіі.

 

Барысаў – культурная сталіца Беларусі

Старажытны горад Барысаў атрымаў статус культурнай сталіцы Беларусі. Цырымонія прайшла ўрачыста, з гашэннем паштовай аплаты, прамовамі, святочным канцэртам, экспазіцыямі, майстар-класамі, творчымі сустрэчамі.

“Паўстаў Барысаў у сотні гоняў,

Стаіць над рэчкай і сніць думы:

Якім ён быў, які ён сёння,

Яму пяюць Бярозы шумы”, – пісаў пра горад у паэме Янка Купала.

На працягу года ў Барысаве плануюць правесці каля 80 культурных мерапрыемстваў.

Нагадаю, першым статус культурнай сталіцы Беларусі атрымаў у 2010 годзе Полацк. Барысаву эстафету перадаў горад Ліда. Роднаму гораду прысвяціў песню “Мой Барысаў” Валерый Дайнэка.

 

Канферэнцыя “Беларускія чытанні”

Да Міжнароднага дня роднай мовы Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры правёў ІІ Міжнародную канферэнцыю “Беларускія чытанні”, у якой прынялі ўдзел навукоўцы і даследчыкі з Латвіі, Беларусі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі. Пра падзею распавядае метадыст Марыя Памецька.

 

Дыктоўка па беларускай мове

Беларусы Рыгі, Даўгаўпілса, Ліепаі і Нарвы ўдзельнічалі ў напісанні дыктоўкі па беларускай мове, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Традыцыйная акцыя ў гэты раз прайшла он-лайн, удзельнічалі амаль 100 чалавек. Пісалі дыктоўку па ўрыўку з рамана “Людзі на балоце” Івана Мележа. Падрабязней расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Іванэ.

 

In memoriam

Сакавік прынёс і сумныя навіны. У Даўгаўпілсе пасля працяглай хваробы сышоў у лепшы свет Буры Зянон Антонавіч – вядомы журналіст, паэт, член Саюза пісьменнікаў Расіі, адзін з заснавальнікаў Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Светлая памяць…

У Мінску заўчасна ад хваробы памёр Ахрамовіч Генадзь Уладзіміравіч – выдатны беларускі дыпламат, які калісьці працаваў першым сакратаром у пасольстве Беларусі ў Латвіі, Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе. Вечная памяць…

І ўжо год няма з намі Таццяны Касухі – грамадскага дзеяча беларускага руху ў Рызе, шматгадовай вядучай беларускай перадачы “Світанак” на Латвійскім радыё 4 – Домскай плошчы. Пра таварыша ўспамінаюць старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Світанак” Таццяна Казак і намесніца дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ.

 

125-я ўгодкі Кандрата Крапівы

“Яскравасць таленту” – кніжная выстава пад такой назвай да юбілею класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яго байкі і вершы напачатку сакавіка чыталі ў розных куточках свету. Многія вершы паэта перажылі свой час, засталіся актуальнымі і сёння. Крапіва – творчы псеўданім паэта.

Верш пра тое чытае Таіса Бачкарова – старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Вытокі”.

 

Масленка і Гуканне вясны

Масленіца, Маслёнка, Масленка – так беларусы называюць святочны сытны тыдзень напярэдадні Вялікага паста. Гэтай тэме прысвяціў верш Станіслаў Валодзька, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Шмат вершаў прагучала ў перадачы, бо 21-га сакавіка літаратурныя прыхільнікі адзначаюць Сусветны дзень паэзіі.