Тэмы жнівеньскай праграмы “Світанак” для беларусаў Латвіі: Уселатвійскае свята песні і танца, фестываль у Вентспілсе, літаратурны праект у Ліепаі, навіны беларускай школы ў Рызе і мілагучныя беларускія песні.

 

Уселатвійскае свята песні і танца ў Рызе

Прагучала песня “Сярод вуліцы латгальскай” на словы Арона Юдальсона, пераклад з ідыш Петруся Макаля ў выкананні беларускага кампазітара, музыканта і спевака Максіма Іўкіна. Спеву пад гітару выканаўца на коклэ акампанавала Эмілія Каркліня. Запіс песні адбыўся ў Рызе падчас Уселатвійскага свята песні і танца спецыяльна для беларускай перадачы “Світанак” Латвійскага радыё-4. Наша сяброўства з Максімам Іўкіным пачалося чатыры гады таму, калі ён стаў удзельнікам Першага фестывалю беларускай аўтарскай песні, які ладзіць Даўгаўпілскае беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. А ў гэты раз спадар Максім завітаў у Латвію ў складзе хору Маскоўскага латышскага таварыства, каб разам з латышамі замежжа спяваць на Уселатвійскім свяце песні і танца.

На Уселатвійскім свяце песні і танца выступілі 12 аматарскіх творчых калектываў беларусаў Латвіі. Сваімі ўражаннямі падзяліліся мастацкія кіраўнікі творчых калектываў: ансамбля “Пралескі” Анастасія Лукашэнак (Даўгаўпілс), ансамбля “Надзея” Ларыса Люцько (Рыга), ансамбля “Журавінка” Анжаліка Зрайчанка (Вентспілс), ансамбля “Лянок” Алена Грыслэ (Елгава), ансамбля “Вытокі” Таіса Бачкарова (Рыга).

 

Фестываль “Ад Ліга да Купалля” у Вентспілсе

Адразу пасля выступлення на Уселатвійскім свяце песні і танца ансамбль “Журавінка” і Вентспілскае беларускае таварыства “Спадчына” аднавілі свой фестываль “Ад Ліга да Купалля”. Падрабязнасці – ад члена праўлення суполкі і спявачкі Алены Нарушэвіч.

 

Дні беларускай культуры ў Ліепаі

Імпрэзы Дзён беларускай культуры ў Ліепаі былі прысвечаны ўраджэнцу горада, беларускаму дзіцячаму пісьменніку Янку Маўру. Пра цікавае пачынанне распавядае член праўлення Ліепайскай беларускай абшчыны “Мара” Ганна Дзюбянава.

 

Новы навучальны год у Рыжскай беларускай школе

Напрыканцы жніўня перадача “Світанак” традыцыйна звяртаецца да Рыжскай асноўнай беларускай школы імя Янкі Купалы. Як пачынаецца новы навучальны год? Расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры, загадчыца школьнага музея Я. Купалы Ганна Іванэ.