У лютаўскай перадачы адзначым наступныя тэмы: факсімільнае выданне гістарычнай кнігі Сяргея Сахарава, юбілей вакальнага ансамбля “Узоры”, творчая вечарына паэта Станіслава Валодзькі, вандроўка па беларускіх мясцінах Латгаліі. А таксама напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы паслухаем мілагучныя песні на беларускай мове.

 

Факсімільнае выданне кнігі Сяргея Сахарава

Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка” пры падтрымцы гарадскога самакіравання і мастацка-краязнаўчага музея надрукавала факсімільнае выданне кнігі Сяргея Сахарава “Православные церкви въ Латгаліи”. Прэзентацыя кнігі адбылася ў дыяцэзіяльным упраўленні Даўгаўпілска-Рэзэкненскай дыяцэзіі з благаславення Яго Эмінэнцыі арцыбіскупа Даўгаўпілскага і Рэзэкненскага Аляксандра. Падчас прэзентацыі палову наклада “Альтанка” перадала ў дар Латвійскай праваслаўнай царкве.

Кніга “Православные церкви въ Латгаліи” выдадзена ў факсімільным варыянце, без зменаў і каментароў. Кніга дапоўнена супервокладкай з бібліяграфічнай даведкай аб Сахараве, а таксама пералікам цэркваў.

Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка” вярнула рэдкую кнігу чытачу і ўшанавала памяць выбітнага дзеяча беларускай дыяспары Першай рэспублікі. Юбілей з дня нараджэння Сяргея Сахарава дыяспара будзе святкаваць у верасні.

 

Ансамблю “Узоры” – 25!

16-га лютага славянскі ансамбль “Узоры” у горадзе Ліваны яскравым канцэртам адсвяткаваў сваё 25-годдзе. Павіншаваць юбіляраў са святам прыехала шмат сяброў з розных гарадоў Латвіі і Літвы. Амаль тры гадзіны гучалі песні на розных мовах, у тым ліку на беларускай. Славянскае таварыства “Узоры” уваходзіць у Саюз беларусаў Латвіі. 

Кіраўніца “Узораў” Лідзія Знотыня да юбілею нават напісала другі том летапісу, кніга называецца “Слияние гармонии души и песни”. Пра “Узоры” і размаўляем.   

            

Творчая вечарына паэта Станіслава Валодзькі

Думаецца, ні адзін канцэрт у беларускай дыяспары Латвіі не праходзіць без песень на вершы Станіслава Валодзькі. Паэт вядзе актыўную творчую дзейнасць: піша вершы, супрацоўнічае са спевакамі і ансамблямі, запісвае фанаграмы, выдае кнігі, ініцыіруе праекты, арганізуе літаратурныя вечарыны. Пра плённы мінулы год і планы на наступіўшы Станіслаў Віктаравіч распавёў перадачы “Світанак”.        

 

Вандроўка па Латгаліі

Шукаць беларускасць у Латвіі адправіўся ў Латгалію член праўлення Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Андрусь Татур. Сваімі ўражаннямі ад каляднай вандроўкі жыхар Рыгі падзяліўся з перадачай “Світанак”.