Новы выпуск беларускай праграмы “Світанак” выйшаў у эфіры Латвійскага радыё-4 у святочны дзень – 18 лістапада, у Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі. Са святам, шаноўныя слухачы! У чарговым выпуску мы закранём тэмы патрыятызму і грамадзянскай пазіцыі: паэта і класіка латышскай літаратуры Райніса, пісьменніка і класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, мастака і грамадскага дзеяча Вячаслава Целеша.

 

Патрыёт Латвіі мастак В.Целеш

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак”, Аб’яднанне беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”, Рыжская беларуская школа, барыкады ў Рызе, латвійскае грамадзянства за асобыя заслугі, Ордэн Трох Зорак – гэта ўсё Вячка Целеш.

Напярэдадні свята Латвіі ў тэлефонным інтэрв’ю Вячаслаў Міхайлавіч разважае пра сваю нацыянальную ідэнтычнасць, патрыятызм і вышэйшыя ўзнагароды, якімі яго адзначыла дзяржава за тое, што ён “стаў сапраўдным беларусам у Латвіі”.

 

Акцыя памяці да юбілею Райніса

Акцыі памяці “Тыя, якія не забываюць”, прысвечаная 155-гадоваму юбілею народнага паэта Латвіі Райніса, злучыла онлайн Даўгаўпілс і Віцебск. Мерапрыемства прайшло ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя Пятра Машэрава.

Як звязвае Райніс – латышская паэт, драматург, перакладчык, палітык і грамадскі дзеяч, Даўгаўпілс і Віцебск? У літаральным сэнсе, праз бацькоў. У Даўгаўпілсе пахаваны бацька паэта, у Віцебску – маці. Апошні факт, а таксама яго заступніцтва беларускай дыяспары Латвіі ў Сэйме заахвоцілі даследчыкаў шукаць беларускія карані Райніса. Усё апынулася проста жыццёвай гісторыяй. Дарта Пліекшанэ памерла ў Віцебску, дзе пад паліцэйскім наглядам пасля ссылкі знаходзіўся яе зяць з дачкой, там і пахавана на Старасямёнаўскіх могілках. 2-га лістапада, у дзень памяці продкаў, на магілы бацькоў Райніса ляглі кветкі. Працягам акцыі стаў вэбінар, пра тое слухайце ў праграме “Світанак”.