У красавіцкай перадачы адзначым наступныя тэмы: лёс Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, творчы конкурс у гонар Еўфрасінні Полацкай, навіны беларускіх таварыстваў Рыгі, Даўгаўпілса і Ліепаі.

 

Назва беларускай школы імя Янкі Купалы

Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы рыхтуецца да ліквідацыі. Такое рашэнне дэпутатаў Рыжскай думы вызвала рэзананс у грамадстве, і тэма мела працяг. Падрабязнасці – у намесніцы дырэктара, кіраўніцы школьнага музея Янкі Купалы, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Іванэ.

 

Навіны Рыжскага таварыства “Світанак”

Латвійскае таварыства беларускай культуры “Світанак” традыцыйна запрасіла беларусаў у Рызе разам адзначыць 106-я ўгодкі Акту 25-га Сакавіка. Імпрэзу ладзілі ў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі з удзелам беларускай дэлегацыі з Беластоку. Шаноўнымі гасцямі былі знакаміты пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, музыка і кампазітар Раман Арлоў, кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк, а таксама пасол Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі Эйнарс Сэманіс.

Як адзначыла старшыня таварыства “Світанак” Таццяна Казак, з такой нагоды неабыякавых да беларускай гісторыі, літаратуры і песень сабралася поўная зала, і цікавая вечарына прайшла з аншлагам. 

 

Навіны Ліепайскай абшчыны “Мара”

У Ліепайскай беларускай абшчыне “Мара” адсвяткавалі Масленку, выступілі на канцэрце, ладзілі імпрэзы. Аб гэтым распавядае член праўлення таварыства Ганна Дзюбянава.

Дарэчы, менавіта ў Ліепае летам, напрыканцы чэрвеня, пройдзе вялікі фестываль нацыянальных меншасцей. На ім плануюць выступіць 16 беларускіх аматарскіх калектываў з розных гарадоў Латвіі.

 

Выстава ў гонар Еўфрасінні Полацкай

У маленькім гарадку Карсава, што ў прымяжовай Латгаліі, няма беларускага таварыства, зато ёсць унікальная драўляная царква Пр.Еўфрасінні Полацкай. У гонар храма і святой ахоўніцы мясцовая праваслаўная абшчына аб’явіла конкурс творчых работ. Гэта можа быць малюнак, рамесны выраб альбо іншая праца рукадзелля.

Творчыя работы на конкурс прымаюць да 7-га мая, а адкрыццё выставы адбудзецца 8-га чэрвеня ў Карсаўскім культурна-гістарычным цэнтры “Лічу майя”. Праз праект унікальнасці праваслаўнай царквы Пр.Еўфрасінні Полацкай захоўваецца культурна-гістарычная спадчына Латгаліі.

 

Факсімільнае выданне п’есы Вольгі Сахаравай

У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адбылася вечарына, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння драматурга і педагога Вольгі Сахаравай і прымеркаваная да Міжнароднага дня тэатра. Тэатральная студыя “Паўлінка” паказала фрагмент п'есы.

У памяць Вольгі Сахаравай Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка” перавыдала кнігу “На Полацкім замчышчы” у факсімільным фармаце накладам 100 асобнікаў. 

 

Канцэрт “Суквецце культур”

12-га красавіка ў Даўгаўпілсе прайшоў канцэрт “Суквецце культур” беларускіх самадзейных калектываў, арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры Дома Адзінства ў супрацоўніцтве з Даўгаўпілскім беларускім таварыствам “Альтанка”. Канцэрт прысвячаўся культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця. Пра ідэю распавядае Інэса Казлоўская, кіраўніца тэатральнай студыі “Паўлінка”.