Красавік прынёс наступныя тэмы чарговага выпуску перадачы “Світанак” для беларускай дыяспары Латвіі: нацыянальная страта - Леанід Барткевіч, юбілей ганаровай старшыні Саюза беларусаў Латвіі Валянціны Піскуновай, дэлегат ад Латвіі на “Славянскі базар” Рута Дудума-Кірсе, памяць Чарнобыльскай трагедыі, першая кніга Ліліі Воранавай, юбілей беларускага літаратара Змітрака Бядулі. Даведаемся пра гэтыя падзеі падрабязней.

 

Леанід Барткевіч - нацыянальная страта

15 красавіка ў Мінску ў апошні шлях правялі легендарнага песняра Леаніда Барткевіча. Развітанне з артыстам адбылося ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе працуе ансамбль “Песняры”.

Заслужанаму артысту Беларусі быў 71 год, яго забрала цяжкая хвароба. “Беларусія”, “Александрына”, “Алеся”, “Белавежская пушча”, “Купалінка”, “Вераніка”, “Бярозавы сок” – гэтыя хіты загучалі дзякуючы ўнікальнау голасу Леаніда Барткевіча. У праграмме прагучыць песня “Аксамітны вечар” у яго выкананнні. Светлая памяць…

 

80-гадовы юбілей Валянціны Піскуновай

28 сакавіка прыгожы юбілей адсвяткавала шматгадовая і ганаровая старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. Як пачыналася яе беларуская грамадская справа, чаго дасягнулі арганізацыя і кіраўніца - распавядае Валянціна Аляксандраўна Піскунова.

 

Рута Дудума-Кірсе – удзельніца “Славянскага базара”

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбудзецца 14-19 ліпеня. На конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні Латвію будзе прадстаўляць Рута Дудума-Кірсе.

Спявачка не раз удзельнічала ў адборачных турах на фестываль – і вось мары здейсніліся. З якім настроем Рута едзе адкрываць для сябе невядомую і музычную Беларусь - яна распавядае ў праграме “Світанак”.

 

Чарнобыльскай трагедыі - 35

Трагічная дата ў гісторыі Беларусі – 26-га красавіка. 35 гадоў таму здарылася тэхналагічная і экалагічная катасрофа – аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Вечная памяць ахвярам і ліквідатарам… У праграме прагучыць песня “Чарнобыль” на словы Генадзя Бураўкіна, музыку Генадзя Гармаша ў выкананні саліста ансамбля “Сябры” Анатоля Ярмоленкі.

 

Першая кніга Ліліі Воранавай

8 красавіка на пляцоўцы zoom адбылася онлайн-прэзентацыя першага зборніка вершаў “Першацвет” паэткі Ліліі Воранавай, арганізаваная беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” у супрацоўніцтве з Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры.

Радасць нараджэння кнігі з аўтарам раздзялілі яе сябры з розных куточкоў Латвіі і замежжа. Слова – паэту, члену Праўлення таварыства “Уздым” Ліліі Воранавай.

 

135-я ўгодкі Змітрака Бядулі

23 красавіка літаратурны беларускі свет будзе адзначаць 135-я ўгодкі паэта, пісьменніка і перакладчыка Змітрака Бядулі.

Так склаўся яго лёс, што сын яўрэйскага народа нарадзіўся ў Беларусі, памер у Казахстане, і толькі праз працяглы час вярнуўся на радзіму: у мінулым годзе яго прах быў перазахаваны ў Мінску. Пра класіка беларускай літаратуры распавядае Алена Нарушэвіч, намесніца старшыні Вентспілскага беларускага таварыства “Спадчына”.