У чарговым выпуску перадачы для беларускай дыяспары Латвіі “Світанак” расказваем пра беларускі стэнд на Кніжнай выставе ў Рызе, культурную сталіцу Беларусі-2020, вынікі адбору на Еўрабачанне, канферэнцыю “Беларускія чытанні”, дыктоўку па беларускай мове, акцыю па збору літаратурнай спадчыны, выставу пра творчасць Уладзіміра Караткевіча, 20-годдзе таварыства “Узоры” у Ліванах.

Канферэнцыя “Беларускія чытанні” 

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры ўпершыню арганізаваў і правёў міжнародную канферэнцыю “Беларускія чытанні”, у якой прынялі ўдзел навукоўцы і даследчыкі з Латвіі і Беларусі. Мэтай канферэнцыі “Беларускія чытанні” з'яўляецца вывучэнне культурных сувязяў Латвіі і Беларусі, гісторыі беларускай дыяспары Латвіі, наладжванне сувязяў з навукоўцамі і даследчыкамі, якія працуюць у гэтых напрамках. 

Гістарычна паміж Латвіяй і Беларуссю існуюць цесныя сувязі, у тым ліку і культуралагічныя, і яны, на жаль, яшчэ даволі мала вывучаны. Гэта адзначылі шматлікія ўдзельнікі канферэнцыі. Тэмы іх дакладаў дазволілі вывесці падтэму “Беларускіх чытанняў”: мова, кніга, адукацыя. Выступленні дакладчыкаў з Мінска, Віцебска, Даўгаўпілса выклікалі непадробленую цікавасць. Слухачы даведаліся шмат новага. Напрыклад, для многіх стала адкрыццём, што ў латгальскага буквара ёсць беларускія карані, а беларускі буквар друкаваўся ў Латвіі, пра што захапляльна расказаў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. 

Па матэрыялах дакладаў канферэнцыі будзе выдадзены зборнік. Арганізатары спадзяюцца зрабіць “Беларускія чытанні” штогадовым мерапрыемствам, якое прыцягне навукоўцаў не толькі з Беларусі і Латвіі, але і іншых краін, якія вывучаюць балтыйска-беларускія сувязі.

 

Дыктоўка па беларускай

У Міжнародны дзень роднай мовы шмат беларусаў замежжа прынялі ўдзел у напісанні дыктоўкі па беларускай мове. У гэтым годзе ў фармаце онлайн дыктоўку пісалі адначасова ў трох краінах Балтыі: у Латвіі – Рыжская беларуская асноўная школа імя Я.Купалы, аб’яднанне мастакоў “Маю гонар”,  Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры, таварыства “Уздым” і ўдзельнікі канферэнцыі “Беларускія чытанні”, Екабпілскае таварыства “Спатканне”; у Эстоніі – беларускае таварыства ў Таліне; у Літве – Вільнюская беларуская гімназія імя Ф.Скарыны, грамадскія арганізацыі Клайпеды і іншых гарадоў. Разам з беларусамі замежжа спрабавалі свае сілы ў філалогіі і дыпламаты

Дыктаваў тэкст з Вільнюса вядучы акцёр тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Арцём Давідовіч. Усе старанна выводзілі словы на роднай мове. Дарэчы, тэкст быў прысвечаны творчасці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, юбілей якога будзе адзначацца ў гэтым годзе.

 

Выстава пра творчасць Уладзіміра Караткевіча

У Міжнародны дзень роднай мовы, у рамках канферэнцыі “Беларускія чытанні”, у Даўгаўпілсе была адкрыта перасовачная літаратурная выстава пра творчасць Уладзіміра Караткевіча з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (Мінск).

Выстава пра творчасць Уладзіміра Караткевіча далей адправіцца ў сталіцу – у Рыжскую беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы, потым – у Екабпілс.

Увесь час да восені працягваецца конкурс малюнкаў па матывах “Казак янтарнай краіны”, якія Уладзімір Караткевіч прысвяціў Латвіі. Конкурс праводзіць Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры і запрашае школьнікаў прыняць у ім удзел. Падрабязней - на сайце bkc.daugavpils.lv.

 

Славянскаму таварыству “Узоры” – 20 гадоў

Беларускай прывітальнай песняй адкрыў свой святочны канцэрт ансамбль “Узоры” Славянскага таварыства “Узоры”, якое ўваходзіць у Саюз беларусаў Латвіі. Таварыства святкавала 20-годдзе, а ансамбль – 10-годдзе.

“Узоры” падарылі гледачам вялікі канцэрт. Да 20-годдзя Ліванскага славянскага таварыства выйшла кніга, якую выдала старшыня Лідзія Знотыня пры падтрымцы самакіравання і Генеральнага консульства Беларусі.

Усе 10 гадоў ансамблем “Узоры” кіруе музычны педагог і дырыжор, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Яніна Юзэфовіч. Усё сваё працоўнае жыццё яна навучала музыцы і спеву школьнікаў. Працуе кіраўніцай харавой капэлы “Спадчына” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. З'яўляецца актыўным членам Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Педагог самазабыўна распаўсюджвае беларускую песню і беларускую мову ў Латвіі. І гэта заўважыла радзіма. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар узнагародзіў Ганаровай граматай Яніну Юзэфовіч – за значны асабісты ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры за мяжой. Шчыра віншуем Яніну Антонаўну!