Ліпеньскі выпуск праграмы “Світанак” падрыхтаваны пад святочна-фестывальным знакам: адбыліся фестывалі “Балтыка”, “Браслаўскія зарніцы”, “Вянок дружбы”, “Звіняць цымбалы і гармонік”, “Славянскі базар у Віцебску”, фестываль нацыянальных культур у Гродне, а таксама свята Купалля.

 

Фестываль “Baltica-2022” у Вентспілсе

З 6-га па 10-е ліпеня ў Рызе і розных гарадах Курзэмэ і Відзэмэ адбыліся канцэрты Міжнароднага фальклорнага фестывалю “Baltica 2022”, арганізаванага Латвійскім нацыянальным культурным цэнтрам. На прэстыжным форуме беларускую культуру Латвіі прадстаўлялі ансамбль народнай песні “Купалінка” і тэатральная студыя “Паўлінка” з Даўгаўпілса. Уражаннямі дзеліцца рэжысёрка Інэса Казлоўская.

 

Свята Купалля ў Даўгаўпілсе

Народнае свята беларускага Купалля ўжо стала штогадовай культурнай традыцыяй у Даўгаўпілсе. Купалле – самае любімае беларусамі свята летняга санцавароту, якое адзначаецца ў ноч з 6-га на 7-е ліпеня. Гэта магічны час яднання з прыродай, час веры ў цуды. У парку Дубровіна, пад шатамі векавых дубоў, пад зачаравальны шум фантана, і прайшло традыцыйнае гулянне “Беларускае Купалле”, якое арганізуе Цэнтр беларускай культуры.

Фармат яркага музычнага вясковага свята на ўлонні прыроды, з танцамі на траве, з песнямі без мікрафонаў, “жывыя” зносіны і актыўны ўдзел у разнастайных майстар-класах даставілі шмат пазітыўных эмоцый - і гледачам, і артыстам. Між тым Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” адсвяткавала Купалле па-сапраўднаму: на вёсцы, ля вады, з вогнішчам. Пра тое распавядае старшыня суполкі Іна Валюшка.

 

Фестываль “Славянскі базар у Віцебску”

Беларускаму класіку Янку Купале прысвечана песня ў выкананні Анатоля Ярмоленкі і ансамбля “Сябры”. Дарэчы, “зорка” Анатоля Ярмоленкі і ансамбля “Сябры” адкрыта на алеі лаўрэатаў у час 31-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

У гэтым годзе ў журы конкурса маладых выканаўцаў працавала латвійская спявачка Яна Клявіня, а дыпламантам конкурса эстраднай песні стала Агнія Бусіла, якую шчыра падтрымлівалі шматлікія гледачы з Латвіі. Гран-пры “Славянскага базара” атрымала прафесійны музыкант Ганна Трубецкая, Беларусь.

 

Свята “Браслаўскія зарніцы”

Дзеля новых песень, вопыту, сувязяў, эмоцый творчыя калектывы беларускай дыяспары Латвіі прынялі ўдзел у розных фестывалях на этнічнай радзіме. Так, ансамбль “Пралескі” з Даўгаўпілса спяваў на 55-м Міжнародным свяце традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”. Расказвае кіраўніца Настасся Лукашэнак.

 

Фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах

На 32-м Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, на Віцебшчыне, пабываў ансамбль “Журавінка” з Вентспілса. Распавядае спявачка калектыва, член праўлення беларускага таварыства “Спадчына” Алена Нарушэвіч.

 

Фестываль нацыянальных культур у Гродне

Ансамбль “Надзея” Рыжскага беларускага таварыства “Прамень” удзельнічаў у 13-м Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур ў Гродне. Пра новы вопыт распавядае старшыня Алена Лазарава.

 

Фестываль “Вянок дружбы” у Бабруйску

Ансамбль “Завіруха” з Екабпілса прыняў удзел у 16-м Міжнародным фестывалі народнай творчасці “Вянок дружбы” у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці. Пра новы выклік расказвае старшыня беларускага таварыства “Спатканне” Іна Янсанэ.

 

А ў прымяжовай Дагдзе прайшоў 7-ы Міжнародны фестываль беларускай песні і танца “ФЭСТ”, на які з’ехаліся творчыя калектывы беларусаў з Латвіі і Польшчы. Пра тое ў жніўні раскажа наступная праграма “Світанак” для беларускай дыяспары краіны.