Тэмы бягучай перадачы“Світанак”: Міжнародны фестываль беларускай песні і танца “ФЭСТ” у Дагдзе, Фестываль латгальскай гасціннасці ў Даўгаўпілсе, падрыхтоўка Рыжскай беларускай асноўнай школы да новага навучальнага года, а таксама - юбілейныя даты класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, 100-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 

Фестываль “ФЭСТ” у Дагдзе

Шмат беларускіх песень – народных і аўтарскіх, аўтэнтычных і ў перакладзе, прагучала ў невялікім гарадку Дагда ў Краслаўскім краі, каля самай латвійска-беларускай мяжы. Там мясцовае беларускае таварыства “Вербіца” ладзіла міжнародны фестываль “ФЭСТ”, ужо ў сёмы раз, пра што распавядае арганізатар Таццяна Гагалінская.

 

Фестываль «GOSTŪS LATGOLĀ» у Даўгаўпілсе

У беларускім горадзе Глыбокае прайшоў “Вішнёвы фестываль” – юбілейны па ліку, дзесяты. У ім прымаў удзел і беларускі аматарскі вакальны ансамбль “Крыніца” з Лудзы.

Тым часам у Даўгаўпілсе адбыўся другі фестываль латгальскай гасціннасці, на якім у тым ліку выступілі мясцовыя калектывы беларускай дыяспары. Расказвае кіраўніца вакальнага ансамбля “Пралескі” Настасся Лукашэнак.

 

140-годдзе Я. Купалы і Я. Коласа

Як вядома, гэты год у беларускай літаратуры праходзіць пад знакам 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. А менавіта 110 гадоў таму адбылася першая сустрэча народных паэтаў Беларусі. Яны ведалі адзін аднога даўно, завочна, а гістарычнае спатканне адбылося напрыканцы ліпеня 1912 года ў Смольні, у хаце вялікай сям’і Якуба Коласа – Міцкевічаў. Там зараз існуе музей, усталяваны памятны знак. У беларускай культуры, у нашым уяўленні Купала і Колас заўсёды стаяць разам. Яны нарадзіліся ў адзін год, таленавітыя, адданыя свайму народу, з сугучнымі псеўданімамі.  

Пра жыццё, творчасць і сяброўства літаратараў падрабязна раскажуць даследчыкі музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая ў верасні адсвяткуе стагоддзе з дня заснавання, і гэты юбілей унесены ў каляндар ЮНЭСКА.

 

Новы навучальны год у Рыжскай беларускай школе

Школьнікі вывучаюць творы Купалы і Коласа, у іх гонар названы геаграфічныя аб’екты і навучальныя ўстановы. Напрыклад, Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Як школа рыхтуецца да новага навучальнага года – распавядае намесніца дырэктара Ганна Іванэ.

 

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства

1-га верасня многія краіны свету пачнуць новы навучальны год, адзначаць Дзень ведаў. А ў Беларусі адразу за гэтым святам ідзе Дзень беларускага пісьменства. У гэтым годзе 29-ы Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 4 верасня ў горадзе Добруш Гомельскай вобласці. З Добрушскім раёнам звязана імя славутага пісьменніка Івана Шамякіна, так глыбока і кранальна пісаўшага пра штодзённае жыццё беларускай вёскі, простага чалавека, з яго пабытовымі клопатамі і пошукамі шчасця.